Сям'я з Расіі пахвалілася штрафамі, атрымленымі ў Беларусі за перавышэнне хуткасці
27- 22.03.2026, 12:37
- 7,554
Сума ўражвае.
Днямі карыстальніца Threads Вікторыя Слёткава пахвалілася ў сваім акаўнце тым, як яны з мужам з'ездзілі ў Беларусь. Жанчына выклала фота, на якім некалькі квітанцый са штрафамі. Паводле іх, за перавышэнне хуткасці на дарогах сям'і налічылі больш за 3,6 тысячы рублёў. У сацсетках гэта выклікала хвалю абурэння. Вікторыя таксама не стала маўчаць, піша «Зеркало».

Вікторыя з нашай краіны, але з мужам-расіянінам жыве на яго радзіме. Нядаўна яны прыязджалі да блізкіх у Беларусь. «Дасягненнямі» візіту жанчына пахвалілася ў Threads. На фота, якое яна выклала ў сетцы, дзевяць квітанцый са штрафамі.
«Вось так выглядае паездка ў Беларусь на 100000 [расійскіх] рублёў», — напісала яна.

У каментарах госця адзначыла, што парушэнняў было больш. Паводле слоў Вікторыі, у сярэднім яны перавышалі хуткасць на 25–76 км/г. Паводле квітанцый, на адным з участкаў дарогі яны замест дазволеных 60 км/г несліся 136 км/г.
Паводле дадзеных Нацбанка РБ на 22 сакавіка, 100 тысяч расійскіх рублёў — гэта крыху больш за 3,6 тысячы беларускіх рублёў.
Нягледзячы на тое, што ў Threads на жанчыну падпісана ўсяго 47 чалавек, яе допіс (яна яго ўжо выдаліла) хутка стаў вірусным. У каментарах людзі пачалі абмяркоўваць паводзіны Вікторыі і яе мужа і абурацца. У адказ яна не стала маўчаць. Скрыншоты яе паведамленняў захаваліся ў тэмах іншых карыстальнікаў. Напрыклад, калі нехта з удзельнікаў размовы напісаў: «Беларусы таксама парушаюць, але 136 км/г пры дазволеных 60 — гэта не парушэнне, гэта бязмежжа».
Вікторыя адказала: «Мы заплацілі за гэтае бязмежжа!!!»

У іншым сваім паведамленні яна адзначыла, што штрафы яны адразу ж аплацілі: «Нам такія праблемы не патрэбныя, у мяне родзічы жывуць там (маецца на ўвазе Беларусь. — Заўв. рэд.)».

У сацсетцы захаваліся скрыншоты і яшчэ некаторых адказаў жанчыны. Напрыклад, калі адна з карыстальніц напісала, што Вікторыя паказала квітанцыі за перавышэнне, нібыта ганарыцца гэтым, тая адказала: «Так, ганарымся, і што?»

У абмеркаваннях, дзе гавораць пра сітуацыю, карыстальнікі просяць ГУУС Мінгарвыканкама звярнуць увагу на гэты выпадак.
«Я думаю, ёсць варыянт арганізаваць забарону на ўезд яе мужу ў РБ. Бо больш за пяць адміністрацыйных правапарушэнняў за год, — напісаў адзін з удзельнікаў абмеркавання. — Плюс людзі не зрабілі для сябе высноў. Гэтыя злосныя парушэнні для іх нейкі прыкол. Скрыншоты з адказамі і фота пастаноў накіраваць у МУС. Там на фота бачны ПІБ, нумар АМ і марка. Таксама скрыны яе каментаў, каб супрацоўнікі зразумелі, што за персанаж».
У двух апошніх допісах, якія з'явіліся ў суботу, 21 сакавіка, у Threads Вікторыі, яна напісала: «Чым ты, б***ць, яскравей, тым рыхтуйся, што п*****ць будуць з усіх бакоў».

«Адпачылі, цяпер і папрацуем», — падсумавала жанчына.

У каментарах пад допісамі жанчыне зноў нагадалі пра сітуацыю з перавышэннем хуткасці ў Беларусі. Але ад адказаў Вікторыя пакуль устрымалася.