21 сакавiка 2026, Субота, 17:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку не паздаровіцца

1
Лукашэнку не паздаровіцца

Дыктатар не рады росту цэн на нафту.

13 сакавіка падчас паездкі ў Дрыбінскі раён Аляксандр Лукашэнка расказаў пра сваю крыўду на ЗША і Ізраіль. Праўда, крыўдуе ён не за тое, што ЗША і Ізраіль бамбяць Іран. Ён крыўдуе, што, пачаўшы бамбіць Іран, амерыканцы і ізраільцяне не ацанілі ўсіх наступстваў.

Нерадасны рост

«Тое, што Іран разбамбіў суседзяў і дацягнуўся ўжо да Саудаўскай Аравіі… ну дык гэта ізраільцяне і амерыканцы мусілі загадзя пралічыць», — сказаў Лукашэнка.

У адрозненне ад дзяржаўных беларускіх медыя, то-бок сваіх уласных медыя, якія радуюцца, як у Еўропе даражэе бензін, Аляксандр Лукашэнка нічога добрага для сябе ад гэтай вайны не чакае.

«Гэта цэлы клубок. Выгады тут не будзе. Калі ў кагосьці і будзе, дык на кароткі прамежак часу. А далей пачне накручвацца. І інфляцыя будзе раскручвацца».

І гэта якраз той выпадак, калі не паспрачаешся. Калі сапраўды ёсць за што перажываць, а радавацца няма чаму. Беларуская эканоміка і так цяпер не ў найлепшай форме. Паводле дадзеных Белстата, прамысловая вытворчасць за два месяцы знізілася на 3,7 працэнта. Вытворчасць у апрацоўчай прамысловасці ўпала на 7 працэнтаў. У выніку ВУП Беларусі за студзень–люты скараціўся на 1,2 працэнта.

Прычым нават пра якую-небудзь стабілізацыю падзення казаць пакуль не даводзіцца. Падзенне набірае абароты. У лютым у параўнанні са студзенем прамысловая вытворчасць упала на 4 працэнты.

А вось выкліканы іранскай вайной глабальны рост цэн, перспектыва стагнацыі ў сусветным маштабе — гэта для беларускай эканомікі можа стаць тым самым чорным лебедзем.

«Рост цэн на энергарэсурсы да дабра не прывядзе», — сказаў Лукашэнка.

У вас праблемы

І сапраўды, не прывядзе. Асабліва для краіны, якая настолькі залежыць ад імпарту, наколькі ад яго залежыць Беларусь. За мінулы год Беларусь імпартавала тавараў на 48,4 мільярда долараў. Аб’ёмы імпарту выраслі амаль на 6 працэнтаў пры росце экспарту на 2,5%. Адмоўнае гандлёвае сальда склала каля 7 мільярдаў долараў.

Пры гэтым вырастуць, вядома, і цэны на беларускі экспарт. Вось толькі ўсё беларускае імпартазамяшчэнне сабрана з кітайскіх дэталяў. Паколькі Кітай цяпер купляе паліва даражэй, чым раней, гэтыя дэталі таксама будуць даражэць. То-бок беларускі экспарт, можа, і вырасце. Толькі імпарт падаражэе яшчэ больш. А значыць, цэны ў Беларусі пачнуць расці.

Хаця не факт, што экспарт вырасце. Бо я нагадаю, што Эміраты — гэта важны хаб для экспарту беларускіх тавараў у краіны Азіі і Афрыкі. Там беларускія бензін і дызель станавіліся халяль, то-бок эмірацкімі, і іх можна было купляць без рызыкі трапіць пад санкцыі. Таму ў 2024 годзе беларускі экспарт у Эміраты склаў фантастычныя 3,6 мільярда долараў.

Калі крызіс у праліве зацягнецца надоўга, беларускаму паліўнаму экспарту давядзецца шукаць новы хаб. А пакуль новы хаб не знойдзецца, прынамсі зарабіць на росце цэн на паліва будзе складана.

Аляксей Мазартов, «Беларусы і рынак»

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках