ЗША часова дазволілі продаж іранскай нафты
2- 21.03.2026, 10:07
Але толькі той, што ўжо знаходзіцца ў моры.
Міністэрства фінансаў ЗША выдала кароткатэрміновую ліцэнзію, якая дазваляе продаж іранскай нафты, ужо загружанай на танкеры ў моры.
Пра гэта заявіў міністр фінансаў ЗША Скот Бэсент, а адпаведны дазвол апублікавала Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC).
Паводле слоў Бэсента, гаворка пра каля 140 мільёнаў барэляў іранскай нафты, якія «застрэглі ў моры». У Вашынгтоне спадзяюцца, што гэта дапаможа хутка павялічыць прапанову на сусветным рынку і змянчыць ціск на цэны на энергарэсурсы на тле вайны з Іранам і праблемаў з суднаходствам праз Армузскі праліў.
Ліцэнзія мае вузкі і часовы характар: яна тычыцца толькі іранскай нафты і нафтапрадуктаў, загружаных на судны да 20 сакавіка, і будзе дзейнічаць да 19 красавіка. Новых закупак або новай здабычы гэты дазвол не прадугледжвае.
19 сакавіка цэны на нафту ўзляцелі пасля ўдару Ірана па газавым радовішчы. Ф'ючэрсы на нафту маркі Brent выраслі на 4,66 долара ЗША (4,3%), да 112,04 долара ЗША за барэль, у той час як амерыканская нафта маркі West Texas Intermediate падаражэла на 96 цэнтаў (1%), да 97,28 долара ЗША за барэль.