Навошта Лукашэнку паказваюць у вобразе дурнічка?
22- Арцём Сініцын, «Салідарнасць»
- 21.03.2026, 9:48
- 9,634
Прыдворная прапаганда становіцца ўсё больш крынжавай.
«Лукашэнка выпіў алей і запусціў трэнд у сацсетках!» — прыдворнае агенцтва БелТА стварыла цэлы відэапраект пра гастранамічныя густы кіраўніка.
Сюжэт выпускаў няхітры: вось галоўны малачнік краіны наведваецца на ферму і проста там п'е малако, а тут вождзь ацаніў каўбасу з казляціны, папутна раздаўшы парады сусветнага маштабу па развядзенні каз.
У іншым месцы Лукашэнка пускае слёзу настальгіі па сушках на смак «як і дзесяткі гадоў таму», а на выбарчым участку просіць: «Дзяўчаты, адну зефірку!»
Задума прапаганды зразумелая. Гэта спроба адным стрэлам здабыць, як мінімум, трох ідэалагічных зайцаў.
Па-першае, прадэманстраваць «блізкасць да народу»: маўляў, глядзіце, Лукашэнка таксама п'е малако. І нават разбіраецца ў згушчонках.
Па-другое, стварыць вобраз змагара за здаровае харчаванне. Тут вам і казкі пра ГОСТы, як у часы «самага смачнага пломбіру», і рэклама безлактозных прадуктаў.
І трэці момант — напамін пра тое, хто менавіта «захаваў» для беларусаў і малочную галіну, і дзяржстандарты, і сушкі «нашай маладосці».

Прычын, з-за якіх гэтыя прапагандысцкія залпы ляцяць у «малако», таксама некалькі. Тут перш за ўсё пастараўся галоўны герой — напрыклад, сцэнка, дзе ён адхлёбвае рапсавы алей з горла. Такое відовішча толькі ў паралельнай сусвеце можа выклікаць захапленне.
Тое самае з «флэшмобам» з наступным калектыўным рапсавым вар'яцтвам, які ўчынілі падхалімы ўсіх масцей.
Ці закране клопат зверху пра здаровую ежу — вялікае пытанне. А вось непрасімыя парады «не жэрці бульбу з мясам на ноч» наўрад ці забудуцца. Тым больш што яны сыходзяць ад чалавека, які знаходзіцца на поўным дзяржзабеспячэнні за кошт тых, каму гэтыя парады раздаюцца.
Наўрад ці ўсе гэтыя гісторыі пра зефір і сушкі наблізяць да народу таго, хто ад простых грамадзян даўно адарваўся і ставіцца да людзей, як да прыгонных.
Тым больш што гэтыя спробы выглядаюць чым далей, тым крынжавей. Як той паход у былы «Макдональдс», ідучы ў які гурман №1 «забыў» узяць грошы, але не забыўся прыхапіць тэсак.
Арцём Сініцын, «Салідарнасць»