У пяці самалётаў расійскіх авіякампаній падчас палёту адбыліся адмовы рухавікоў
- 20.03.2026, 22:43
На працягу аднаго тыдня.
На працягу аднаго тыдня адразу ў пяці расійскіх пасажырскіх самалётаў адбыліся адмовы рухавікоў проста падчас палёту. Пра гэта паведамляе профільны канал «Авіаторшчына». Так, 16 сакавіка Sukhoi Superjet 100 авіякампаніі «Расія», які ляцеў з Масквы ў Санкт-Пецярбург, вярнуўся ў Шарамецьева з-за падвышанай вібрацыі другога рухавіка. Раней, 13 сакавіка, у Boeing 738 той жа авіякампаніі на рэйсе Сочы — Навасібірск спрацавала сігналізацыя сістэмы цыркуляцыі алею першага рухавіка.
15 сакавіка Airbus A330 «Аэрафлота», што накіроўваўся з Екацярынбурга ў Бангкок, быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт вылету з-за няспраўнасці клапана адбору паветра ад другога рухавіка. 12 сакавіка ў Хабараўску ў A320neo «Уральскіх авіяліній» не спрацаваў рэверс другога рухавіка падчас пасадкі, а 10 сакавіка ў аэрапорце Іркуцка аналагічная няспраўнасць была зафіксаваная ў Airbus A320 авіякампаніі S7 Airlines, — піша The Moscow Times.
Гэта толькі малая частка сістэмнай праблемы, што ахапіла расійскую грамадзянскую авіяцыю на фоне санкцый, уведзеных пасля таго, як Пуцін развязаў вайну ва Украіне. Так, паводле падлікаў «Новай газеты Еўропа» і канала Aviaincident, у 2025 годзе колькасць авіяінцыдэнтаў з няспраўнасцямі, якія прывялі да зрыву палётаў, павялічылася ў чатыры разы ў параўнанні з 2024 годам, дасягнуўшы 800 выпадкаў.
Асноўная прычына — немагчымасць поўнавартаснага абслугоўвання замежных самалётаў з-за санкцыйных абмежаванняў. Як падлічыў «Коммерсантъ» у лютым, з 93 шырокафюзеляжных лайнераў Boeing і Airbus (неабходных для дальніх рэйсаў), што засталіся ў краіне, на крыле знаходзяцца менш за 60. Астатнія або праходзяць працяглае тэхабслугоўванне, або прастойваюць праз недахоп запасных частак. Спробы наладзіць рамонт рухавікоў у Іране выніку не далі.
Мінтранс яшчэ ў 2022 годзе прагназаваў скарачэнне парку такіх машын да 52 да 2030 года, але фактычная колькасць бортаў, што эксплуатуюцца, ужо цяпер набліжаецца да гэтых ацэнак.
У верасні 2025 года Расія звярталася ў ІКАО з просьбай аслабіць абмежаванні, неабходныя для падтрымання лётаздольнасці самалётаў Boeing і Airbus. Замяніць замежныя лайнеры айчыннымі не ўдаецца: з 15 самалётаў, запланаваных да здачы ў 2025 годзе, быў пастаўлены толькі адзін, паведамляў Reuters.
Праблемы маюць усе буйныя перавозчыкі. У групы «Аэрафлот» з 59 шырокафюзеляжных самалётаў 17 знаходзяцца на тэхабслугоўванні, частка прастойвае больш за год. У Azur Air лётае шэсць з 11 бортаў, у «Паўночнага ветру» — два з дзевяці.
Кіраўнік Дзяржаўнага авіянагляду Уладзімір Кавальскі заявіў пра «сістэмную праблему»: у 2023–2025 гадах эксплуатацыя больш як 480 паветраных суднаў у Расіі (каля паловы парку) забаранялася з-за парушэнняў. Ведамства фіксавала фальсіфікацыю тэхабслугоўвання, рамонты без удзелу ўпаўнаважаных арганізацый і «зніжэнне парога дапушчальнасці парушэнняў».
У гэтых умовах перавозчыкі вымушаныя шукаць нестандартныя рашэнні. «Уральскія авіялініі» абвясцілі аб запуску «ўнікальнага для Расіі» праекта па прадаўжэнні рэсурсу Airbus A320 звыш 96 тысяч лётных гадзін на базе ўласнага цэнтра, не сертыфікаванага вытворцам. Эксперты папярэджваюць пра рызыкі для бяспекі: паводле слоў авіяцыйнага журналіста Андрэя Меншаніна, такія метады аддаляюць самалёты ад міжнародных стандартаў. Авіяэксперт Вадзім Лукашэвіч з іроніяй заўважыў, што ў кампаніі ўжо ёсць «бясцэнны практычны досвед» разборкі Airbus A320 пасля двух аварыйных пасадак у полі. «Застаецца спадзявацца, што гэты „вялікі крок наперад“ абыдзецца без чалавечых ахвяр», — сказаў ён.