У Міжземным моры дрэйфуе танкер расійскага «ценявога флоту» з прабоінай у борце
3- 20.03.2026, 22:10
- 1,342
На борце судна — тысячы тон паліва.
У Міжземным моры трэці тыдзень дрэйфуе расійскі танкер «Арктык Метагаз» з велізарнай прабоінай — верагодна, ён яе атрымаў у выніку атакі дрона, піша «Медуза».
На борце судна — больш за 60 тысяч тон звадкаванага прыроднага газу. Экіпаж эвакуаваны. Небяспека экалагічнай катастрофы нарастае з дня ў дзень, але з-за цэлага шэрагу прававых і палітычных калізій ніхто не хоча брацца за яе прадухіленне.
«Арктык Метагаз» — гэта газавоз, то бок танкер, што перавозіць звадкаваны прыродны газ. Яго пабудавалі ў 2003 годзе, ён ходзіць пад расійскім сцягам. Танкер перавозіў газ з «Арктык СПГ 2» — найбуйнейшага расійскага завода па вытворчасці звадкаванага прыроднага газу, размешчанага на Гыданскім паўвостраве ў Ямала-Нянецкай аўтаномнай акрузе (рэсурсная база — радовішча Ўтранняе ў ЯНАО). Гэты праект кантралюецца кампаніяй «Новатэк». Пасля пачатку вялікай вайны Расіі з Украінай ён апынуўся пад заходнімі санкцыямі. Структуру ўласнасці «Арктык Метагаз» хавалі з дапамогай кампаній-«пракладак».
«Арктык Метагаз» — частка «ценявога флоту», з дапамогай якога Расія экспартуе сваю нафту і газ у абыход санкцый. У 2025 годзе ён, не маючы ледовага класа, прайшоў па Паўночным марскім шляху і даставіў груз у Кітай. Судна ўнесена ў санкцыйныя спісы ЗША, Еўразвязу і Вялікабрытаніі.
24 лютага «Арктык Метагаз» выйшаў з Мурманска і загрузіўся звадкаваным прыродным газам на плавучым тэрмінале. Ён абагнуў Еўропу, увайшоў у Міжземнае мора і накіраваўся ў бок Суэцкага канала. Верагодна, канчатковы пункт яго маршруту быў дзесьці ў Азіі.
3 сакавіка ў Міжземным моры на судне адбыўся выбух і пажар. Газавоз атрымаў прабоіну. Экіпаж — каля 30 чалавек — эвакуявалі на шлюпках. Паводле заявы расійскага МЗС, Мальта не захацела ратаваць членаў экіпажа, і іх прыняла Лівія. Дакладней, так званы «усходні ўрад» Лівіі са сталіцай у Бенгазі — а не прызнаны ААН урад у Трыпалі. Фактычны кіраўнік «усходняга ўрада» — генерал Халіфа Хафтэр, які мае цесныя сувязі з ААЭ і Расіяй.
Пашкоджаны танкер без экіпажа застаўся дрэйфаваць паміж Мальтай, Італіяй і Лівіяй. На борце — дзясяткі тысяч тон звадкаванага прыроднага газу, а таксама сотні тон дызеля і мазуту. Краіны Міжземнамор'я, уключаючы Італію, звярнуліся ў Еўракамісію з заклікам прыняць меры для прадухілення экалагічнай катастрофы, якая адбудзецца, калі паліва трапіць у мора.
Адказнасць за выратаванне судна ніхто на сябе не бярэ. Паколькі «Арктык Метагаз» знаходзіцца пад санкцыямі, а фармальная структура валодання ім вельмі заблытаная, узнікла сітуацыя прававога вакууму. Тым больш што неўзабаве судна апынецца ў марской зоне Лівіі — краіны, у якой фактычна няма адзінага ўрада.