ЗСУ ўдарылі па расійскім самалёце А-50
3- 20.03.2026, 16:43
- 4,134
Самалёт знаходзіўся на тэрыторыі прадпрыемства.
У выніку паражэння аб'ектаў 123-га авіярамонтнага завода ў горадзе Старая Руса (Ноўгарадская вобласць, Расія) 17 сакавіка быў пашкоджаны самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50.
Пра гэта ў пятніцу, 20 сакавіка, паведамляе Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны.
Адзначаецца, што самалёт знаходзіўся на тэрыторыі прадпрыемства на абслугоўванні і, магчыма, чакаў мадэрнізацыі.
Таксама Генштаб ЗСУ пацвердзіў паражэнне аб'ектаў Алчэўскага металургічнага камбіната на часова акупаванай тэрыторыі Луганскай вобласці ў ноч на 20 сакавіка.
Прадпрыемства задзейнічана ў вырабе корпусаў артылерыйскіх снарадаў (адліўка і першасная апрацоўка нарыхтовак буйнага калібру), а таксама ў вытворчасці і рамонце браняванай сталі для ваеннай тэхнікі акупацыйнай арміі, адзначылі ў Генштабе.
Акрамя таго, была паражана інфраструктура палігона Усходні (Новапятроўка, часова акупаваная тэрыторыя Запарожскай вобласці).
Маштабы нанесенай шкоды і страты ворага ўдакладняюцца, дадалі ў Генштабе ЗСУ.