ЗША пачалі ваенную аперацыю па зачыстцы Армузскага праліва для аднаўлення суднаходства
10- 20.03.2026, 13:58
- 3,132
Самалёты A-10 Warthog і верталёты Apache наносяць удары па іранскіх ваенных караблях.
ЗША і некаторыя з іх саюзнікаў пачалі выкарыстоўваць штурмавікі для ўдараў па іранскіх ваенных караблях і верталёты Apache у барацьбе з беспілотнікамі, каб вызваліць Армузскі праліў.
Гэта першы этап аперацыі, якая павінна забяспечыць караблям ВМС ЗША магчымасць увайсці ў праліў, арганізаваўшы ахову і суправаджэнне камерцыйных суднаў у Персідскі заліў і з яго. Але на зачыстку праліва і яго ўзбярэжжа могуць пайсці тыдні, піша The Wall Street Journal.
Генерал Дэн Кейн, старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў, паведаміў пра аперацыю на прэс-канферэнцыі ў Пентагоне ў чацвер. Паводле яго слоў, цяжкаўзброеныя самалёты A-10 Warthog і ўдарныя верталёты Apache здзяйсняюць палёты над пралівам і каля паўднёвага ўзбярэжжа Ірана. Самалёты палююць на іранскія хуткаходныя катэры. Некаторыя ж саюзнікі ЗША, якіх Кейн не назваў, выкарыстоўваюць верталёты для «барацьбы з аднаразовымі ўдарнымі беспілотнікамі».
Аперацыя з'яўляецца часткай шматэтапнага плана Пентагона па змяншэнні пагрозы з боку іранскіх узброеных катэраў, мін, крылатых ракет і беспілотнікаў, якія блакуюць суднаходства з пачатку сакавіка, піша WSJ. Самалёты A-10 і верталёты Apache ўжо некалькі дзён палююць на катэры, якія пераследуюць гандлёвыя судны, распавёў газеце амерыканскі чыноўнік. Паводле яго слоў, да іх могуць далучыцца і знішчальнікі, што знаходзяцца ў рэгіёне.
Іран атакаваў дзясяткі суднаў, што спрабавалі прайсці праз Армузскі праліў, выкарыстоўваючы ў тым ліку беспілотнікі, як марскія, так і паветраныя. Таксама ён ужываў ракеты, у тым ліку супраць караблёў, што знаходзіліся ў Аманскім і Персідскім залівах.
Шырыня Армузскага праліва ў самым вузкім месцы складае ўсяго 38 км, таму правесці толькі яго зачыстку будзе недастаткова, лічыць Майкл Конэл, аналітык па Іране з Вашынгтонскага Цэнтра ваенна-марскіх даследаванняў (CNA): «Крылатыя ракеты можна запускаць з адлегласці ў сотні кіламетраў і ўсё адно паразіць караблі, што праходзяць па праліве».
Нягледзячы на масіраваныя бамбардзіроўкі амерыканскімі і ізраільскімі сіламі, што доўжацца ўжо амаль тры тыдні, Іран па-ранейшаму мае велізарныя запасы мін, крылатых ракет на грузавіках і сотні катэраў, якія таемна захоўваюцца на схаваных аб'ектах з тунэлямі ўздоўж узбярэжжа і на востравах, папярэджвае Фарзін Надымі, эксперт па іранскай абароне з Вашынгтонскага інстытута блізкаўсходняй палітыкі:
«Лічу, спатрэбяцца тыдні, каб аднавіць у праліве бяспечнае суднаходства. Але нават тады Іран захавае значную частку [баевых] рэсурсаў».