У Беларусі пайшлі дождж і снег
1- 20.03.2026, 13:24
- 1,834
Больш за ўсё ападкаў выпала — у Шаркаўшчыне і Верхнядзвінску.
У Беларусі, відаць, упершыню гэтай вясной прайшлі ападкі — у розных рэгіёнах зафіксаваныя дождж і мокры снег. У ДАІ Віцебскай вобласці папярэдзілі пра пагаршэнне ўмоў надвор'я і заклікалі кіроўцаў і пешаходаў быць уважлівымі, а таксама пазбягаць неабдуманых выездаў на сустрэчную паласу.
Паводле даных Telegram-канала «Метеовайб», найбольшая колькасць ападкаў да 9:00 20 сакавіка выпала ў Шаркаўшчыне і Верхнядзвінску — па 3 мм. Сіноптыкі адзначаюць, што франтальная мяжа прынесла ападкі на паўночны захад краіны і ў Мінск, дзе месцамі назіраецца мокры снег.
Спецыялісты таксама паведамілі, што на вышыні каля 5,5 км фармуецца вышынны цыклон. Пасля ранішніх ападкаў чакаецца іх працяг бліжэй да вечара. Пры гэтым на паўднёвым захадзе Беларусі ў начныя гадзіны магчымыя лакальныя невялікія ападкі.