У Беларусі адменілі адзін з найбуйнейшых і самых папулярных фестываляў
6- 20.03.2026, 9:45
- 4,014
Lidbeer не адбудзецца.
Адзін з найбуйнейшых фестываляў у Беларусі Lidbeer не адбудзецца ў 2026 годзе. Пра гэта паведаміў у сацсетках арганізатар і тытульны спонсар опэн-эйра — кампанія «Лідскае піва», перадае «Зеркало».
«З сумам і шкадаваннем паведамляем, што фестываль Lidbeer сёлета не адбудзецца. <�…> Як прынята гаварыць у такіх выпадках, фестываль не адбудзецца па прычынах, якія ад нас не залежаць», — гаворыцца ў паведамленні.
Lidbeer — адзін з найбуйнейшых беларускіх фестываляў пад адкрытым небам, задуманы і рэалізаваны як праваднік культуры і піўных традыцый у сталіцы піваварэння — Лідзе, дзе піва варыцца без перапынку з 1876 года. Упершыню адбыўся ў 2015 годзе.
Заўважым, раней арганізатары фестывалю WOSTRAU таксама адмовіліся ад правядзення мерапрыемства ў 2026 годзе. Яны патлумачылі, што пасля ўступлення ў сілу пастановы Савета Міністраў не змогуць займацца арганізацыяй фестывалю на належным узроўні.
«Уступленне ў сілу пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 жніўня 2025 г. № 454 «Аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў» і адсутнасць у нас магчымасці самастойна запрашаць замежных артыстаў робяць для нас правядзенне фестывалю немагчымым на тым узроўні, да якога мы з вамі прывыклі і які лічым для сябе правільным», — гаворыцца ў заяве.
Савет Міністраў сваёй пастановай № 454 ад 22 жніўня 2025 года абнавіў палажэнне аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў.
Дакумент вызначыў, якія суб’екты абавязаныя быць уключаныя ў рэестр, а таксама якія патрабаванні і працэдуры неабходна выконваць. Устаноўлена, што праводзіць культурна-відовішчныя мерапрыемствы з удзелам беларускіх або замежных выканаўцаў могуць толькі арганізатары, звесткі пра якіх унесеныя ў такую базу даных.
Яшчэ раней такое ж рашэнне прынялі арганізатары прарасійскага фестывалю «Сонцастаянне», які некалькі гадоў запар праходзіў у Пружанах (Брэсцкая вобласць).
Яны паведамілі, што ТАА «Сонцастаянне» не ўключана ў Рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў паводле рашэння Міністэрства культуры, што пазбаўляе права на пракат і запрашэнне замежных артыстаў.