Трамп адказаў на пытанне пра канфлікт з Іранам жартам пра Пэрл-Харбар
- 20.03.2026, 1:09
Прэзідэнт ЗША патлумачыў, што такое «сюрпрыз» у прысутнасці прэм'ер-міністра Японіі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас перамоваў з прэм'ер-міністрам Японіі Санаэ Такаічы нагадаў пра напад на Пэрл-Харбар у адказ на пытанне журналіста пра пачатак аперацыі супраць Ірана. Трансляцыя перамоваў даступная на YouTube-канале Белага дома.
Японскі журналіст спытаў у Трампа, чаму ЗША не праінфармавалі саюзнікаў пра пачатак аперацыі супраць Ірана.
«Мы нікому пра гэта не казалі, бо хацелі эфекту нечаканасці. Мы хацелі паднесці сюрпрыз — хто лепш за Японію ведае, што такое сюрпрыз? Чаму вы не расказалі мне пра Пэрл-Харбар?» — адказаў прэзідэнт ЗША.
Японія атакавала Ціхаакіянскі флот ЗША ў Пэрл-Харбары 7 снежня 1941 года. За некалькі гадзін бамбаванняў ЗША страцілі 2403 вайскоўцаў, чатыры лінкоры, тры крэйсеры і каля 200 самалётаў.