Ізраіль знішчыў ядзерны аб'ект, дзе Іран праводзіў таемныя эксперыменты
- 12.03.2026, 15:51
- 1,642
ЦАХАЛ нанёс па ім серыю ўдараў.
Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) заявіла аб нанясенні ўдару па ядзерным аб'екце Ірана. На ім іранскі рэжым працаваў над «крытычнымі магчымасцямі ў сферы распрацоўкі ядзернай зброі».
Пра гэта паведамляе The Times of Israel.
Пад удар трапіў аб'ект паблізу Тэгерана, які ідэнтыфікаваны як комплекс «Талеган». ЦАХАЛ нанёс па ім серыю ўдараў на працягу апошніх дзён.
Адзначаецца, што Іран выкарыстоўваў гэты аб'ект на працягу апошніх гадоў для «распрацоўкі сучасных выбуховых рэчываў і правядзення сакрэтных эксперыментаў» у межах праекта AMAD (сакрэтная іранская праграма па распрацоўцы ядзернай зброі).
«Іранскі рэжым працягвае намаганні па прасоўванні і развіцці магчымасцей, неабходных для распрацоўкі ядзернай зброі», — заявілі ў ЦАХАЛе.
Таксама адзначаецца, што нядаўні ўдар з'яўляецца часткай серыі аперацый, накіраваных на «далейшае падрыванне ядзерных амбіцый іранскага тэрарыстычнага рэжыму».
Ізраіль ужо атакаваў комплекс «Талеган» у кастрычніку 2024 года. Паводле даных ізраільскіх вайскоўцаў, Іран «прыняў меры для аднаўлення комплексу» пасля гэтых удараў.