ISW: Паспяховы ўдар Украіны пасварыў расійскую прапаганду і Z-ваенкараў
5- 12.03.2026, 12:03
- 5,100
Крэмль паспрабаваў змяншыць значнасць украінскага ўдару.
Удар, які Украіна 10 сакавіка нанесла па расійскім заводзе «Кремний Эл» у Бранску — крытычна важным вытворцам мікрачыпаў — справакаваў бурную рэакцыю ў Расіі. У той час як прапаганда РФ паспрабавала змяншыць значнасць удару, расійскі праваенны лагер з абурэннем раскрытыкаваў такія спробы.
Аб гэтым ідзе гаворка ў новым дакладзе амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).
У ISW нагадваюць, што згодна з афіцыйным паведамленнем Генштаба Узброеных Сіл Украіны (УСУ), завод быў паражоны крылатымі ракетамі Storm Shadow, а ўдар істотна пашкодзіў вытворчыя магутнасці завода.
Украінскі 413-ы асобны батальён беспілотных сістэм «Рэйд» паведаміў, што гэтая атака стала першым ударам Украіны па стратэгічным аб'екце расійскага абаронна-прамысловага комплексу, калі ўкраінскія ваенныя змаглі задзейнічаць беспілотнік для карэкцыі агню ў рэальным часе. Гэта дазволіла Сілам абароны Украіны нанесці эфектыўны ўдар адносна невялікай колькасцю ракет. А ўкраінскі OSINT-канал «КіберБорошно», аналізуючы спадарожнікавыя здымкі пасля паражэння, пацвердзіў траплянне 5 ракет у корпус № 4. «Пры наяўных пашкоджаннях аднаўленне цэха без поўнай рэканструкцыі малаверагоднае, што фактычна азначае вывад аб'екта з эксплуатацыі», — лічаць аналітыкі «КіберБорошна».
У ISW нагадваюць, што завод «Кремний Эл» падкрэсліваў, што займае «другое месца ў Расіі па выпуску вырабаў мікраэлектронікі для Мінабароны РФ». Завод пастаўляў прадукцыю расійскаму дзяржаўнаму абароннаму кангламерату «Алмаз-Антэй», які вырабляе сістэмы супрацьпаветранай абароны, і дзяржаўнай карпарацыі «Тактычнае ракетнае ўзбраенне». Апошняя вырабляе крылатыя ракеты, у прыватнасці Х-59, Х-69, Х-101 і Х-555, якія Расія выкарыстоўвае для удараў па Украіне.
Як падкрэсліваюць аналітыкі ISW, Крэмль паспрабаваў змяншыць значнасць украінскага ўдару па заводзе «Кремний Эл». Міністэрства замежных спраў Расіі 11 сакавіка заявіла, што ўдар нібыта быў накіраваны супраць грамадзянскага насельніцтва, і што Украіна, маўляў, не можа наносіць такія ўдары без абмену разведвальнымі дадзенымі з Вялікабрытаніяй і іншымі краінамі НАТА. Расійскі МЗС таксама спрабаваў падаць гэты ўдар як спробу Брытаніі і іншых заходніх краін сарваць трохбаковыя перамовы паміж ЗША, Украінай і Расіяй. Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар МЗС Расіі Марыя Захарава і іншыя расійскія чыноўнікі і дэпутаты Дзяржаўнай думы паўтарылі абвінавачванні МЗС аб датычнасці Вялікабрытаніі. Гэтыя расійскія абвінавачванні і спробы заяўляць пра атаку на грамадзянскае насельніцтва з'яўляюцца спробамі змяншыць значнасць украінскіх магчымасцяў для дальнабойных удараў і адцягнуць увагу ад неўступлівасці Расіі ў мірным працэсе, у прыватнасці шляхам абвінавачання Вялікабрытаніі ў абмене разведвальнымі дадзенымі з Украінай, адзначае Інстытут вывучэння вайны.
Аднак спробы Крамля змяншыць і скрывіць інфармацыю пра ўдар Украіны па заводзе «Кремний Эл» выклікалі негатыўную рэакцыю сярод расійскіх ультранацыяналістычных «ваенкараў» і паблікаў. Расійскія «ваенкары» адхілілі супярэчлівыя намаганні дзяржаўнай прапаганды і чыноўнікаў РФ змяншыць значнасць удару і раскрытыкавалі няздольнасць Міністэрства абароны Расіі абараніць адзін з найбуйнейшых і найважнейшых аб'ектаў расійскага абаронна-прамысловага комплексу.
Некаторыя з «ваенкараў» таксама крытыкавалі слабыя магчымасці Расіі ў сферах супрацьпаветранай абароны і радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ), адзначаючы, што «ніхто не спытаў», колькі ракет Расіі ўдалося збіць. ISW расцэньвае такія заявы як крытыку расійскіх уладаў за няздольнасць апублікаваць празрыстыя справаздачы пра ўдар Украіны па заводзе і пра працу расійскіх сістэм СПА.
Расійскія «ваенкары» адзначылі, што завод «Кремний Эл» быў асноўным вытворцам высокачашчынных транзістараў, неабходных для расійскіх сістэм вайсковай сувязі, а таксама прылад і кампанентаў РЭБ для сістэм міжкантынентальных балістычных ракет (МБР), сярод якіх «Ярс», «Булава» і «Топаль-М». У праваенных пабліках таксама выказвалі здагадку, што Расіі будзе цяжка замяніць «спецыялістаў», якія былі знішчаныя падчас удару па заводзе. Акрамя таго, «ваенкары» скардзіліся на дэфіцыт расійскіх ракет, недастатковыя магчымасці радыёэлектроннай барацьбы, няздольнасць вывесці з ладу ўкраінскія аэрадромы, адкуль узлятаюць украінскія самалёты, узброеныя Storm Shadow, і няздольнасць Расіі аднаўляць пашкоджаныя сістэмы супрацьпаветранай абароны праз санкцыі.