У райцэнтры спрачаюцца з-за асвятлення вуліц
- 12.03.2026, 11:50
Адным светла, а другія ў цемры.
У Чашніках (Віцебская вобласць) разгарэлася спрэчка вакол асвятлення — некаторыя сцвярджаюць, што хадзіць па вуліцах увечары немагчыма, іншыя так не лічаць. На чыім баку праўда, высветліць даволі складана, піша «Точка».
А пачалося ўсё з відэа ў TikTok ад мясцовага жыхара. У роліку, які аўтар пазначыў датай 8 сакавіка, у 20:30 можна ўбачыць гімназію на вул. Ленінскай. Праўда, разгледзець яе складана, бо на відэа поўная цемра.
Ролік не сабраў шмат праглядаў, але прыцягнуў увагу мясцовага праўладнага СМІ «Чырвоны прамень». У сваім TikTok яны пракаментавалі відэа.
«Мы правялі ўласны маніторынг, прайшліся па горадзе і зафіксавалі: асвятленне працуе ў штатным рэжыме, ніякіх адключэнняў няма. Гэта класічны прыклад таго, як з дапамогай змены ракурсу і мантажу можна выдаць жаданае або выгаднае за сапраўднае», — гаворыцца ў відэа раёнкі.
На гэтым аўтар першага роліка не спыніўся і запісаў яшчэ адзін. У ім ён адмаўляе мантаж і зацямненне, а мясцовым СМІ параіў асвятляць праблемы, а не кляйміць іх.
А што думае народ
Усе тры ролікі сабралі нямала каментароў. Некаторыя сцвярджаюць, што ў дзень здымак было адключэнне святла, іншыя абвінавачваюць беларуса ў празмернай патрабавальнасці да працы энергетыкаў.
Але большасць каментатараў сыходзяцца на тым, што праблема з асвятленнем у Чашніках сапраўды ёсць, прычым не толькі ў дзень запісу роліка, але і ўвогуле (аўтарскія арфаграфія і пунктуацыя захаваныя):
«Калі маразы былі, я ў такую цемру з працы хадзіла, іду — дарога блішчыць. Іду і думаю: па такой дарозе або да хірурга, або на могілкі траплю. Галалёдзіца, і ні чорта не відаць».
«Які мантаж??? Ехала на веласіпедзе з працы і ад «Маяка» да Слабадскога моста ў крамешнай цемры, можа, гэта быў адзін дзень, але было, было».
«Тая ж тэма і ў нас, брат, мы аднолькавыя, горад Навалукомль».
«Пазаўчора гулялі кампаніяй — амаль тое самае было, гімназія цалкам у цемры».