Паплечнік Трампа рыхтуе глебу для новых пагадненняў з Кітаем
2- 12.03.2026, 11:30
- 1,076
Ці будзе перазапуск?
Сенат ЗША накіроўвае дэлегацыю ў Кітай услед за Дональдам Трампам.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Адразу пасля гістарычнай сустрэчы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і лідара Кітая Сі Цзіньпіна у Кітай адправіцца дэлегацыя Сената ЗША. Яе ўзначаліць сенатар Стыў Дэйнс — ключавы саюзнік прэзідэнта і чалавек, які ведае кітайскую эканоміку знутры.
Вядома, што візіт амерыканскіх заканадаўцаў запланаваны на май 2026 года. І гэта будзе першы рэальны крок да імплементацыі дамоўленасцяў паміж лідэрамі двух дзяржаў.
Сенатар Дэйнс ужо заявіў, што гэтая паездка рыхтавалася месяцамі. Яе мэта — не проста дыпламатычны візіт, а вывучэнне інавацыйнай экасістэмы Кітая і развіццё інфраструктурных сувязяў.
Дэлегацыя плануе наведаць Пекін і Шанхай, карыстаючыся для перамяшчэння знакамітымі кітайскімі хуткаснымі цягнікамі. Гэта сімвалічны жэст: амерыканскія палітыкі маюць намер на свае вочы пабачыць поспехі Кітая ў інфраструктуры, пра якія Стыў Дэйнс дакладваў на нядаўнім саміце BlackRock у Вашынгтоне.
Чаму менавіта Стыў Дэйнс стане лідарам дэлегацыі
Выбар лідара дэлегацыі невыпадковы. Дэйнс — адзін з самых дасведчаных «кітаязнаўцаў» у шэрагах рэспубліканцаў.
У 1990-я гады ён працаваў у Procter & Gamble у Кітаі і Ганконгу.
Акрамя таго, на працягу абодвух тэрмінаў Трампа ён праводзіў найбольш складаныя гандлёвыя перамовы.
Гэта будзе яго сёмы візіт у Кітай, які стане фінальным акордам перад яго адстаўкай на пачатку наступнага года.
Эксперты лічаць, што такая актыўнасць Сената сведчыць пра гатоўнасць Вашынгтона да канкрэтных эканамічных пагадненняў. Удзел сенатара, які мае прамы доступ да Трампа, гарантуе, што Пекін будзе ўспрымаць гэтую дэлегацыю як афіцыйны голас Белага дома.