«Няхай Лукашэнка праводзіць такі эксперымент на сабе»
9- 12.03.2026, 9:42
- 7,404
Неадэкватны дыктатар хоча ператварыць беларускія землі ў саланчак з цяжкімі металамі.
Сустрэўшыся днямі з кіраўніцтвам Нацбанка, Аляксандр Лукашэнка не толькі раздаў інструкцыі наконт таго, як развіваць знешнеэканамічныя сувязі, але і раптам падзяліўся спосабам, як ператварыць беларускія пяшчанікі ў «плодародныя землі». Ну, як падзяліўся, — прапанаваў правесці эксперымент.
Кіраўнік звярнуў увагу на ўзгоркі з пяшчанымі глебамі, якія ў сельскай гаспадарцы складана выкарыстоўваць.
— Я нават падумаў: а што, калі узяць пласт адходаў ад калійных соляў, пласт пакласці арганікі, пласт торфу, усё гэта змяшаць — што атрымаецца? Напэўна, горш не будзе. Тое, што будзе паляпшэнне для глебы, — гэта дакладна, — заявіў Лукашэнка.
На шчасце, не распарадзіўся адразу ўсюды так зрабіць, а сказаў, што трэба выбраць нейкае «беднае» поле і праверыць на адным канкрэтным участку. І нават выклікаўся сам паназіраць за ходам эксперымента. Заадно памарыў пра тое, што гэта дапаможа вырашыць праблему з салянымі адваламі вакол Салігорска.
«Філін» абмеркаваў з прадпрымальнікам, былым чыноўнікам Стаўбцоўскага райвыканкама Мікалаем Лысенкавым, ці прынясуць адходы калійнай вытворчасці карысць сельскай гаспадарцы.
— Праблемы з беднымі землямі ў Беларусі сапраўды ёсць, іх у нас вельмі шмат і ў асноўным там вырошчваюць толькі жыта, таму што гэта эфектыўна і менш затратна, — кажа эксперт. — Але давайце разбяромся, што такое наогул нашы «горы» вакол Салігорска.
Па вялікім рахунку, гэтыя адвалы — на 90% натрый хларыд. То бок, звычайная соль, якую мы выкарыстоўваем у ежу і каб пасыпаць дарогі. Яшчэ ёсць глінастыя адклады, цяжкія металы і ўсякае такое. І што з гэтым рабіць, пакуль нідзе не прыдумалі.
Напрыклад, дарогі гэтым складам не будзеш пасыпаць, бо шмат глінастых адкладаў і гэта будзе не так эфектыўна, як звычайнай соллю. У будаўніцтве таксама нельга выкарыстоўваць — гэтая соль раз'ядае метал. Магчыма, нашчадкі прыдумаюць, што з ёй рабіць.
Найбуйнейшыя вытворцы калійных угнаенняў у Канадзе таксама пакуль не вызначыліся, што рабіць з адходамі. Яны гэтую соль раствораюць, заліваюць назад у шахты, адкуль здабывалі. А цяпер увогуле змяняюць методыку здабычы ўгнаенняў: адразу на месцы размываюць гарачай вадой і дастаюць з-пад зямлі чысты калій, каб увогуле не чапаць гэтую соль.
Увогуле, усе эксперыментуюць, але толкам пакуль ніхто не ведае, што рабіць з адходамі.
— Як ніхто? Вось Лукашэнка ведае.
— Ён прапануе ўносіць адходы ў глебу. Чаму гэта дрэнна для сельскагаспадарчых земляў? Таму што калі ўзяць пяшчанікі і крыху перастарацца з гэтай соллю, мы зробім саланчак, і там увогуле нічога не будзе расці. Соль — наймацнейшы кансервант, які забівае ўсю мікрафлору і расліны, нічога там жыць не будзе.
Адзінае, што ў яго ідэі добра, — што ён прапануе спачатку правесці эксперымент на невялікім участку. І раз ён кажа «гатовы паназіраць», відаць, гатовы зрабіць гэта там, дзе ён жыве.
Як Марыя Складоўская-Кюры ставіла эксперыменты на сабе, а не адпраўляла нейкага паддоследнага студэнта працаваць з радыеактыўнымі рэчывамі, так і Лукашэнка гатовы паэксперыментаваць каля свайго дома, маўляў, давайце, паспрабуем.
— Ён лічыць, што горш не будзе. А калі паспрабуюць і не атрымаецца?
— Проста рассыпаць яе па палях — не думаю, што так варта рабіць. Калію там засталося ўжо мізэр, а звычайнай солі, глінастых адкладаў і небяспечных для раслін рэчываў шмат.
Паглядзім, чым гэта можа абярнуцца. Па-першае, як я ўжо казаў, — тым, што проста загубім гэтую зямлю, зробім саланчаком, на якім нічога не расце.
Па-другое, калі гаворка пра лёгкую глебу, пяшчанікі, праз якія вельмі добра праходзяць дажджавыя вады, — гэта соль будзе трапляць у грунтавыя вады, у крыніцы, умовна, будзе і ў рэках, і ў калодзежах. І людзі, якія жывуць у гэтай мясцовасці, могуць застацца без чыстай вады.
Калі зямля не стане саланчаком, туды трэба больш унесці арганікі і торфу (не кіслага, канечне), доламітную муку — цалкам магчыма, атрымаем нават ураджай.
Але тут ёсць яшчэ адна небяспека: у саляных адкладах, што засталіся пасля здабычы калію ў Салігорску, павышаная канцэнтрацыя цяжкіх металаў. А яны мігруюць у расліны, якія будуць вырошчваць на такіх землях.
І нават калі вырошчваць травы на карм для жывёлы — гэта значыць, што ўсё гэта трапіць у малако, якое дасць карова, а таксама ў мяса. Гэтыя рызыкі трэба ўлічваць, праводзячы эксперыменты.
Чаму ўвогуле парады па выкарыстанні адходаў калійных соляў раздае былы кіраўнік сельгаспрадпрыемства, а не дзеючыя вучоныя, прадстаўнікі профільных інстытутаў Акадэміі навук?
Паводле меркавання Мікалая Лысенкова, цалкам магчыма, што эксперыментальны метад прапанаваў кіраўніку Беларусі хтосьці з вучоных, а той проста выдаў чужую ідэю за сваю рацпрапанову:
— Лукашэнка часта прысвойвае сабе ідэі іншых людзей. Магчыма, пачуў такі варыянт вырашэння праблем з гарамі солі. Хаця нават для эксперымента везці гэты ядавіты баласт да поля, скажам, пад Мінскам (калі гэта будзе поле там, дзе жыве Лукашэнка), — эканамічна гэта наогул нявыгадна.
Асабіста я не хацеў бы, каб падобныя эксперыменты ставілі каля майго дома або каля дома маіх бацькоў у Стаўбцоўскім раёне.
Дык што лепш няхай ужо эксперыментуе на сабе. А да чаго гэта прывядзе, сказаць складана — ідэя можа апынуцца ўдалай, але можа быць і так, што на дзесяцігоддзі зямля стане ўвогуле непрыдатнай для сельскай гаспадаркі.