Мікалай Статкевіч стаў лаўрэатам прэстыжнай прэміі Homo Homini 2026
- 11.03.2026, 23:39
Палітык атрымаў узнагароду за шматгадовую мужнасць і адданасць справе дэмакратыі ў Беларусі.
Лідар беларускай апазіцыі, вызвалены палітвязень Мікалай Статкевіч стаў лаўрэатам прэміі Homo Homini на 28-м Міжнародным фестывалі дакументальнага кіно пра правы чалавека One World, які праходзіць у Празе з 11 па 19 сакавіка 2026 года. Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў першы дзень фестывалю, 11 сакавіка, у цэнтры Pražská křižovatka.
Прэмія Homo Homini — адна з найбольш прэстыжных міжнародных узнагарод у галіне правоў чалавека, якую штогод уручае чэшская праваабарончая арганізацыя «Чалавек у нядолі».
Гэта прэмія прысуджаецца асобам або арганізацыям, якія зрабілі выключны ўнёсак у абарону правоў чалавека, дэмакратыі і ненасільніцкае вырашэнне палітычных канфліктаў. Уручэнне традыцыйна адбываецца ў Празе падчас адкрыцця кінафестывалю «Адзін свет».
Сёлета ўзнагарода прысуджана Мікалаю Статкевічу за яго шматгадовую мужнасць і адданасць справе дэмакратыі ў Беларусі, у тым ліку за яго адмову пакінуць краіну пасля вызвалення з турмы ў 2025 годзе.