Янот Сеня, які нелегальна прыбыў у Беларусь з ЗША, аказаўся самкай
12- 11.03.2026, 19:12
- 1,372
Жывёле шукаюць новае імя.
У «Парку жывёл» пад Баранавічамі выявілі, што янот Сеня, які раней нелегальна трапіў у Беларусь у кантэйнеры з аўтамабілямі, насамрэч не самец, а самка. Пра гэта стала вядома падчас правядзення ветэрынарных мерапрыемстваў, піша «Мінская праўда».
Супрацоўнікі парка цяпер шукаюць яноту новае імя праз сацыяльныя сеткі. Сярод прапанаваных варыянтаў — Ясенія, Соня і Саша. Пытанне аб змяненні дакументаў жывёлы застаецца адкрытым — пакуль невядома, ці будуць карэктаваць яго «пашпарт» у сувязі з новымі данымі.
Раней янот Сеня стаў вядомым пасля нечаканага падарожжа праз Атлантычны акіян. У студзені 2026 года беларуская мытня знайшла яго падчас разгрузкі марскога кантэйнера з ЗША. Жывёла, відаць, пракралася ў кантэйнер яшчэ падчас пагрузкі і спакойна перажыла доўгую дарогу, драмаючы на панэлі аднаго з аўтамабіляў.
Пасля абавязковага каранціну янот быў перамешчаны ў Ашмянскую раённую ветэрынарную станцыю, дзе яму далі імя Арсеній. Пасля ўсіх працэдур ён пераехаў у Баранавіцкі парк жывёл «Диприз».