Вадзіцеляў аўтобусаў у Гомелі прымусілі аплачваць праезд у грамадскім транспарце
5- 11.03.2026, 18:46
- 1,994
Іх няма ў пераліку льготнікаў.
Вадзіцеляў «Гомельаблаўтатранса» прымусілі аплачваць праезд, хоць увесь час яны ездзілі як пасажыры бясплатна, піша «Флагшток».
Як патлумачылі ў асяроддзі транспартнікаў, раней у Гомелі вадзіцелі грамадскага транспарту ў якасці пасажыраў ездзілі бясплатна як у гарадскім, так і ў прыгарадным грамадскім транспарце. Такое права ім давалі пры прад’яўленні службовага пасведчання.
Але з нядаўняга часу кантралёры «Гомельаблпасажыртранса» пачалі штрафаваць вадзіцеляў за неаплачаны праезд: маўляў, не маеце права. Матывацыя была такая, што ў пераліку льготнікаў няма вадзіцеляў грамадскага транспарту.
Аднак як такой льготы ў вадзіцеляў ніколі і не было — права на бясплатны праезд ім давалі, можна сказаць, з меркаванняў карпаратыўнай этыкі і лагікі. Цяпер жа пачалі выконваць «літару закона», вырашыўшы, што гэта важней.
«Але гэта абсурд — прадаваць талоны і самім жа іх выкарыстоўваць, каб дабрацца да працы», — лічыць суразмоўца.