WSJ: Саудаўская Аравія хоча набыць украінскія дроны на мільёны долараў
3- 11.03.2026, 14:10
- 1,266
Для абароны ад іранскіх ударных беспілотнікаў тыпу «Шахед».
Саудаўская Аравія вядзе перамовы з Украінай аб набыцці буйной партыі дронаў-перахопнікаў, якія могуць выкарыстоўвацца для абароны ад іранскіх ударных беспілотнікаў тыпу «Шахед». Пра гэта паведамляе выданне The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы.
Паводле звестак суразмоўцаў выдання, патэнцыйная здзелка можа ацэньвацца ў мільёны долараў. Аднак канчатковае пагадненне паміж бакамі пакуль не падпісанае.
Таксама, як адзначаецца, Эр-Рыяд абмяркоўвае магчымасць закупкі ў Украіны сістэм радыёэлектроннай барацьбы.
Інтарэс да ўкраінскіх распрацовак праяўляюць і іншыя дзяржавы Пэрсідскага заліва. У прыватнасці, прадстаўнікі Катара ўжо наведвалі Украіну, каб вывучыць тэхналогіі супрацьдзеяння беспілотнікам.
Паводле інфармацыі WSJ, украінская сістэма супрацьдзеяння дронам не абмяжоўваецца толькі ракетнымі сродкамі СПА. У яе ўваходзяць і так званыя дроны-перахопнікі, якія здольныя знішчаць варожыя беспілотнікі, сутыкаючыся з імі або падрываючыся побач.
Акрамя таго, Украіна актыўна выкарыстоўвае сродкі радыёэлектроннай барацьбы, якія падаўляюць сігналы кіравання і навігацыі дронаў праціўніка.