ЗША знішчылі 16 мінанакладчыкаў Ірана ў Армузскім праліве
1- 11.03.2026, 8:31
- 3,792
Загад Трампа выконваецца.
Амерыканскія вайскоўцы знішчылі іранскія ваенныя караблі паблізу Армузскага праліва, у тым ліку 16 мінанакладчыкаў, якія выкарыстоўваліся для ўстаноўкі мін. Пра гэта 10 сакавіка паведаміла Цэнтральнае камандаванне Узброеных Сіл ЗША. Вайскоўцы адрапартавалі пра ліквідацыю мэт пасля таго, як амерыканская разведка зафіксавала спробы Тэгерана замінаваць Армузскі праліў. Для гэтага, паводле даных разведкі, былі задзейнічаны невялікія судны, здольныя несці па 2–3 міны кожнае. Невядома, колькі ўсяго мін мае Іран, але ацэнкі вагаюцца ад 2 да 6 тыс.
U.S. forces eliminated multiple Iranian naval vessels, March 10, including 16 minelayers near the Strait of Hormuz. pic.twitter.com/371unKYiJs
— U.S. Central Command (@CENTCOM) March 10, 2026
Крыніцы CNN, знаёмыя з данымі амерыканскай разведкі, адзначылі, што мінаванне пакуль не мела маштабнага характару — было ўстаноўлена ўсяго некалькі дзясяткаў зарадаў. Але Іран, нягледзячы на практычна поўнае знішчэнне ваенна-марскога флоту, па-ранейшаму захоўвае ад 80% да 90% сваіх малых катэраў і мінанакладчыкаў, якіх дастаткова, каб усталяваць «сотні мін» у фарватары Армузскага праліва. Адзін з суразмоўцаў тэлеканала адзначыў, што вадны маршрут фактычна кантралюецца Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), які, апрача ўстаноўкі мін, можа ўскладніць праход суднаў абстрэламі з берагавых ракетных батарэй.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Іран павінен «неадкладна» прыбраць усе міны з праліва, калі яны там устаноўлены. У адваротным выпадку ён пагразіў Тэгерану «беспрэцэдэнтнымі» наступствамі. Да гэтага Трамп пагражаў наносіць удары па Іране «ў 20 разоў мацней», калі іранскія вайскоўцы спыняць пастаўкі нафты праз Армузскі праліў. Са свайго боку прадстаўнік КВІР Сардар Наіні папярэдзіў, што Тэгеран не дазволіць вывезці «ні літра нафты» праз праліў, пакуль агрэсія ЗША і Ізраіля працягваецца. Ён адзначыў, што «рукі Ірана цяпер развязаныя для пашырэння вайны».
Армузскі праліў — стратэгічна важная марская артэрыя, якая злучае Пэрсідскі заліў з Індыйскім акіянам, праз якую на сусветны рынак паступае каля 20% сусветных паставак нафты і да 30% звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ). Пасля пачатку вайны ЗША і Ізраіля супраць Ірана Тэгеран пагражаў заблакаваць рух па праліве для «варожых дзяржаў». Пры гэтым сам Іран з’яўляецца адным з ключавых экспарцёраў нафты, якія выкарыстоўваюць гэты маршрут.