11 сакавiка 2026, Серада, 0:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якія ШІ карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў 2026 годзе

Якія ШІ карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў 2026 годзе

Даследаванне.

Як паказвае статыстыка, да 2026 года галіна ШІ канчаткова раскалолася: больш няма чат-бота-манапаліста, а заходнім кампаніям дыхаюць у патыліцу гіганты з іншых рэгіёнаў.

Венчурны фонд Andreessen Horowitz даследаваў 100 самых папулярных спажывецкіх ШІ-прадуктаў. Справаздача пераважна абапіраецца на студзеньскія даныя 2026 года ад Similarweb і Sensor Tower, перадае New Voice.

Бясспрэчным лідарам рынку застаецца ChatGPT ад кампаніі OpenAI. За год яго штотыднёвая аўдыторыя ўзляцела на 500 мільёнаў і дасягнула 900 мільёнаў. Ён апярэджвае Gemini — канкурэнта ад Google — у 2,7 раза па вэб-трафіку і ў 2,5 раза на мабільных прыладах.

«Больш за 10% насельніцтва свету цяпер выкарыстоўваюць ChatGPT штотыдзень», — гаворыцца ў даследаванні.

Але ў той жа час рынак ШІ-памочнікаў перастаў быць манапольным. За апошнія гады людзі прывыклі мець пад рукой розныя нейрасеткі для розных задач. Напрыклад, кожны пяты карыстальнік ChatGPT на працягу тыдня карыстаецца яшчэ і Gemini. Таму канкурэнты адкінулі ідэю прамога супрацьстаяння з OpenAI, замест гэтага ўзяліся пераманьваць людзей пад канкрэтныя задачы.

Паводле назіранняў Andreessen Horowitz, OpenAI відавочна арыентуецца на масавага спажыўца. У арсенале кампаніі — больш за 85 прыкладанняў для падарожжаў, шопінгу, ежы, здароўя і забавак.

А вось Anthropic прасоўвае сваю моўную мадэль Claude як прэміяльны рабочы інструмент. Яе асобныя функцыі цяпер прыстасаваныя для фінансістаў, праграмістаў, навукоўцаў і медыкаў. І гэтая стратэгія працуе.

На амерыканскім рынку платных падпісак ChatGPT дагэтуль у чатыры разы пераўзыходзіць Gemini і ў восем разоў — Claude. Але канкурэнты набіраюць абароты хутчэй: платная аўдыторыя Claude вырасла больш як на 200% за год, а Gemini — на 258%.

Амерыканскія распрацоўкі — ChatGPT, Claude, Gemini і Perplexity — больш за ўсё аўдыторыі збіраюць у ЗША, Індыі, Бразіліі, Вялікабрытаніі і Інданезіі. З кітайскім DeepSeek інакш: 33,5% яго вэб-трафіку ідзе, уласна, з Кітая, 7,1% — з Расіі, і толькі 6,6% — з ЗША.

Расія ўвогуле вырасціла ўласны ізаляваны рынак. Яндэкс Браўзер з нейрасеткай Аліса сабраў 71 млн актыўных карыстальнікаў за месяц і ўвайшоў у сусветны топ-10 мабільных ШІ-прыкладанняў.

Па колькасці карыстальнікаў ШІ на душу насельніцтва лідзіруе Сінгапур, за ім ідуць ААЭ, Ганконг і Паўднёвая Карэя. Злучаныя Штаты апынуліся ажно на 20-м месцы.

Паводле дадзеных Andreessen Horowitz, сёння хутчэй за ўсё растуць ШІ-прадукты, якія ўвогуле не абмяжоўваюцца ўкладкай у браўзеры або асобным прыкладаннем на смартфоне.

Частка аўдыторыі проста працуе з нейрасеткамі там, дзе яны ўжо ўбудаваныя распрацоўшчыкамі — проста ўнутры Chrome, Google Workspace, Excel, PowerPoint і Gmail. Іншыя карыстальнікі ўсё часцей выбіраюць спецыяльныя ШІ-браўзеры кшталту Atlas, Comet і Dia або ўсталёўваюць паўнавартасныя праграмы тыпу Claude Code або Codex.

Той жа Claude Code усяго за паўгода дасягнуў тэмпаў у 1 мільярд долараў гадавога даходу. У той жа час кампанія OpenAI адрапартавала, што ў пачатку сакавіка яе Codex меў 2 мільёны актыўных карыстальнікаў за тыдзень, і гэтая аўдыторыя штотыдзень расце на 25%.

Асобная тэндэнцыя — аўтаномныя ШІ-агенты. У адрозненне ад чат-ботаў, яны здольныя самастойна ставіць сабе задачы, планаваць іх выкананне і ўзаемадзейнічаць з інструментамі без пастаяннага нагляду чалавека.

Адзін з такіх адкрытых праектаў, OpenClaw, у студзені сабраў 68 тысяч «зорак» на GitHub за лічаныя тыдні. Калі б у аснову даследавання ляглі даныя за люты, ён ужо ўвайшоў бы ў топ-30 рэйтынгу.

На пачатку сакавіка OpenClaw (раней вядомы пад назвамі Clawdbot і Moltbot) увогуле стаў самым папулярным праектам на GitHub, абышоўшы React і Linux. Праўда, цікавасць праграмістаў і масавае прызнанне пакуль не перасекліся: сярод звычайных карыстальнікаў вэб-трафік OpenClaw амаль не расце.

Усё ж, калі распрацоўшчыкі OpenClaw і падобных да яго ШІ-агентаў знойдуць, чым зацікавіць масавага карыстальніка, у іх ёсць усе шанцы адабраць лідарства як у ChatGPT, так і ў чат-ботаў у цэлым.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках