WSJ: Трамп падтрымаў ліквідацыю новага лідара Ірана
- 10.03.2026, 9:07
- 4,440
Аперацыю можа правесці Ізраіль.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў сваім памочнікам, што падтрымае забойства новага вярхоўнага лідара Ірана Маджтабы Хаменеі, калі ён адмовіцца саступіць патрабаванням Вашынгтона, паведамілі The Wall Street Journal (WSJ) дзеючыя і былыя амерыканскія чыноўнікі.
У прыватнасці, паводле іх слоў, кіраўнік Белага дома разлічвае, што Хаменеі пагодзіцца згарнуць ядзерную праграму Ірана. У адваротным выпадку аперацыю па яго ліквідацыі можа правесці Ізраіль, які 28 лютага ракетнымі ўдарамі забіў 86-гадовага бацьку Маджтабы Алі Хаменеі, адзначылі суразмоўцы выдання. Пры гэтым у Вашынгтоне Маджтабу Хаменеі лічаць прыхільнікам жорсткай лініі адносна ЗША і не чакаюць, што ён завершыць вайну на амерыканскіх умовах, падсумавалі крыніцы WSJ.
8 сакавіка Савет экспертаў Ірана абраў новым вярхоўным лідарам краіны Маджтабу Хаменеі, паведамілі іранскія інфармагенцтвы Fars, Mehr і Tasnim. Ён стаў трэцім чалавекам на гэтай пасадзе пасля ісламскай рэвалюцыі 1979 года. Паводле The New York Times, Маджтаба цесна звязаны з Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) і менавіта вайскоўцы настойвалі на яго прызначэнні новым лідарам. Трамп заяўляў, што не прыме новага кіраўніка Ірана, які працягне палітыку забітага аяталы. «Сын Хаменеі для мяне непрымальны. Нам патрэбны той, хто прынясе гармонію і мір у Іран», — адзначаў кіраўнік Белага дома, падкрэсліваючы, што ён асабіста павінен удзельнічаць у прызначэнні кіраўніка краіны. Пасля паведамлення пра прызначэнне Маджтабы Трамп папярэдзіў, што ён «доўга не пратрымаецца», калі не атрымае адабрэння Вашынгтона.
Раней міністр абароны Ізраіля Ісраэль Кац таксама казаў, што Тэль-Авіў будзе лічыць любога новага лідара Ірана, які працягвае курс сваіх папярэднікаў, законнай «мэтаю для ліквідацыі». Пры гэтым, паводле Axios, ЗША разглядалі забойства Маджтабы на этапе падрыхтоўкі ваеннай аперацыі «Эпічная лютасць», якая пачалася 28 лютага. 7 сакавіка саудаўскі тэлеканал Al Hadath паведаміў пра яго раненне ў выніку адной з атак. Аналагічную інфармацыю прыводзіў ізраільскі журналіст Аміт Сігаль, спасылаючыся на ўласныя крыніцы.