«Пуцін быў бы больш карысны, калі б закончыў вайну ва Украіне»
7- 10.03.2026, 8:48
- 4,900
Трамп падвёў вынікі размовы з кіраўніком Крамля.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін хоча быць карысным у пытанні Блізкага Усходу, аднак быў бы больш карысны, калі б закончыў вайну ва Украіне.
Пра гэта паведамляецца ў трансляцыі Белага дома.
Падчас зносін з прэсай у Трампа спыталі, што ён можа сказаць пра тэлефонную размову з Пуціным 9 сакавіка і пра што яны размаўлялі.
У адказ лідар ЗША сказаў, што размова была «вельмі добрай», а на лініі з кожнага боку было шмат людзей. Адна з тэм размовы — вайна ва Украіне.
«Мы гаварылі пра Украіну — гэта проста бясконцая барацьба... паміж прэзідэнтам Пуціным і прэзідэнтам Зяленскім існуе велізарная нянавісць. Падобна, яны ніяк не могуць дамовіцца», — заявіў Трамп.
Пры гэтым ён усё роўна лічыць, што размова была пазітыўнай. Яшчэ адной тэмай перамоваў стала сітуацыя на Блізкім Усходзе. Паводле слоў Трампа, Пуцін хоча быць карысным у гэтым пытанні, але ён лічыць, што дыктатар быў бы куды больш карысны, калі б закончыў сваю вайну супраць Украіны.
«Мы, вядома, пагаварылі пра Блізкі Усход. І ён хоча быць карысным. Я сказаў: «Вы маглі б быць яшчэ больш карысным, калі б паклалі канец вайне паміж Украінай і Расіяй. Гэта было б больш карысна», — падкрэсліў прэзідэнт ЗША.
Рэзюмуючы, Трамп дадаў, што размова была добрай, і Пуцін хоча дзейнічаць «вельмі канструктыўна».