Навукоўцы раскрылі сакрэт немаўлятаў
3- 6.02.2026, 14:04
- 2,264
Яны фармуюць уражанні пра навакольны свет ужо ва ўзросце двух месяцаў.
На жаль, мы ніколі не ўспомнім, як «падарожнічалі» ў дзіцячай калясцы або як спрабавалі зразумець маўленне бацькоў. Аднак калі б мы ўсё ж такі мысленна вярнуліся ў той час, то, магчыма, былі б прыемна здзіўлены. Нейрабіёлагі з Трыніці-каледжа ў Дубліне (Ірландыя) выявілі, што двухмесячныя немаўляты даволі ўмела сістэматызуюць свае першыя веды пра навакольны свет, піша «Нож».
Каманда навукоўцаў у супрацоўніцтве са спецыялістамі з дублінскіх бальніц правяла даследаванне, у якім узялі ўдзел 130 немаўлят ва ўзросце двух месяцаў.
Дзяцей паклалі на мяккія крэслы-мяшкі. Потым навукоўцы надзелі ім навушнікі з падаўленнем шуму і прымусілі глядзець на каляровыя выявы з катамі, качкамі, дрэвамі і кошыкамі з ежай. Пакуль дзеці разглядалі карцінкі, нейрабіёлагі адсочвалі актыўнасць іх мозгу з дапамогай фМРТ.
Пасля збору даных навукоўцы выкарысталі мадэлі ШІ, каб прааналізаваць атрыманую інфармацыю. Параўноўваючы патэрны актыўнасці мозгу, даследчыкі высветлілі, што двухмесячныя немаўляты ўжо ўмеюць катэгарызаваць убачаныя аб’екты.
«Нягледзячы на тое, што ў немаўлят ва ўзросце двух месяцаў камунікацыя абмежаваная адсутнасцю маўлення і дробнай маторыкі, іх мозг ужо не толькі ўяўляе, як выглядаюць прадметы, але і вызначае, да якой катэгорыі яны адносяцца, — патлумачыла дактар Кліёна О’Доэрці, вядучая аўтарка даследавання. — Гэта сведчыць пра тое, што асновы візуальнага ўспрымання закладваюцца вельмі рана, значна раней, чым меркавалася».
На думку навукоўцаў, іх распрацоўкі дазваляюць па-новаму паглядзець на працэс навучання мадэляў штучнага інтэлекту.
«Немаўляты навучаюцца значна хутчэй, чым сучасныя мадэлі штучнага інтэлекту. Даследуючы гэты працэс, мы спадзяёмся натхніць распрацоўнікаў на стварэнне новага пакалення мадэляў ШІ, якія будуць навучацца больш эфектыўна, што знізіць эканамічныя і экалагічныя выдаткі», — дадаў прафесар Родры К’юсак, кіраўнік даследавання.