Мінчанка выратавала лебедзя, якога клявалі вароны на Камсамольскім возеры
2- 5.02.2026, 22:27
- 2,650
Лебедзя сагрэлі, напаілі і накармілі.
5 лютага на Камсамольскім возеры ў Мінску неабыякавая гараджанка выратавала лебедзя, які стаў ахвярай нападу варон. Птушку, якая знаходзілася ў вадзе, даставілі на бераг, пасля чаго ёй аказалі неабходную дапамогу, піша «Звязда».
Інцыдэнт адбыўся на лёдзе, дзе вароны пачалі кляваць аслабленага лебедзя. Жанчына, якая праходзіла міма, не засталася абыякавай і самастойна дастала птушку з вады.
На дапамогу ёй аператыўна прыйшлі работнікі камунальнай службы, якія дапамаглі перанесці лебедзя на выратавальную станцыю «Камсамольскае возера».
На станцыі незвычайнага пацыента сагрэлі, напаілі і накармілі. А пасля супрацоўнікі станцыі звязаліся са спецыялістамі з прыродаахоўнай установы «Сірын».
Новы падапечны паводзіў сябе актыўна: шыпеў на выратавальнікаў і нават шчыкнуў вадалаза за руку.
