Да распрацоўкі аптымальных графікаў адключэння асвятлення прыцягнулі і сілавікоў
21- 5.02.2026, 18:53
- 6,490
Чым яны будуць займацца?
У выпрацоўцы аптымальных графікаў адключэння вулічнага асвятлення ў гарадах і вёсках краіны ўдзельнічаюць не толькі энергетыкі і чыноўнікі, але і супрацоўнікі міліцыі. Пра гэта расказаў дзяржаўным СМІ намеснік генеральнага дырэктара ДВА «Белэнерга» Валерый Поршнеў.
— На сёння тыя прылады і ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюцца для абслугоўвання электрычнай сеткі ў населеных пунктах, працуюць у дыстанцыйным фармаце з выкарыстаннем праграмных комплексаў, — адзначыў Валерый Поршнеў. — Гэта азначае, што энергетыкі могуць карэктаваць графікі дыстанцыйна і ў аператыўным фармаце. Безумоўна, час уключэння і выключэння фарміруецца з улікам часу ўсходу і заходу сонца.
Ён дадаў, што цяпер энергетыкі разам з мясцовымі выканаўчымі камітэтамі выпрацоўваюць адзіны падыход да ўстанаўлення графікаў вулічнага асвятлення «з улікам сацыяльных стандартаў і асаблівасцей сельскіх населеных пунктаў», піша «СБ. Беларусь сёння». У абмеркаванні пытання бяруць удзел таксама супрацоўнікі міліцыі, расказаў намеснік кіраўніка «Белэнерга».
Нагадаем, 3 лютага дыктатар Лукашэнка абурыўся, што ў шэсць гадзін вечара «уся Мінская вобласць свеціцца».
— На вуліцах усе ліхтары ўключаныя, усё ззяе. Мінская вобласць і далей — усё гарыць. У шэсць гадзін вечара. Навошта? Ужо а палове восьмай можна адключыць раніцай святло на вуліцы, асабліва цяпер, калі святла шмат. Не — усе ліхтары гараць, — сказаў Лукашэнка.
Ужо на наступны дзень, 4 лютага, Мінэнерга правяло нараду, дзе энергетыкам даручылі разам з органамі мясцовай улады скарэктаваць графікі вулічнага асвятлення з улікам сацыяльных стандартаў і асаблівасцей сельскіх населеных пунктаў.
У той жа дзень увечары вулічнае асвятленне ў Мінску запалілі пазней за звычайнае — а 19.00, калі ўжо зусім сцямнела, і людзям давялося вяртацца дадому ўпоцемку. Праўда, чыноўнікі запэўнілі журналістку «Зеркала», што гэта была «разавая акцыя» і ў чацвер асвятленне будзе працаваць як звычайна.