Мінгарвыканкам: Пазнейшае ўключэнне святла было «аднаразовай акцыяй»
15- 5.02.2026, 15:25
- 4,788
Пасля шквалу скаргаў лукашысты пачалі апраўдвацца і «аддувацца».
У сераду ўвечары вулічнае асвятленне ў Мінску ўключылі не ў звыклы час, а каля 19:00. Гэта адбылося пасля абурэння Лукашэнкі, што асвятленне ўключаюць раней. Учорашняе пазнейшае ўключэнне вызвала вялікае абурэнне ў сацсетках.
У Мінгарсвятле «Zerkalo» заявілі, што дзейнічалі паводле рашэння Мінгарвыканкама.
— Як там вырашаць, так і будзе, — заявіла супрацоўніца.
У прыёмнай старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава прызналіся, што абураных званкоў наконт уключэння святла на гадзіну пазней было «вельмі шмат».
— Гэта было рашэнне кіраўніцтва. Сёння так не будзе, гэта была аднаразовая акцыя. Сёння ў шэсць гадзін уключыцца асвятленне. Як звычайна, як да гэтага ўключалі, — запэўніла сакратар прыёмнай.
— То бок ужо адмянілі гэтае рашэнне?
— Так-так.
— І больш такой «карэкціроўкі» не будзе? А то мы ўчора ледзь ногі не паламалі.
— Ну, я спадзяюся, што таксама не будзе, бо званкоў паступае вельмі шмат.