5 лютага 2026, Чацвер, 16:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мазырскі НПЗ атачаюць комплексамі СПА

7
Мазырскі НПЗ атачаюць комплексамі СПА

Лукашысты баяцца ўдару ЗСУ і тэрмінова ўзмацняюць ахову завода.

Улады Беларусі працягваюць узмацняць абарону Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Як высветліла «Радыё Свабода», за апошні год вакол яго збудавалі 4 земляныя насыпы для комплексаў супрацьпаветранай абароны. Гэта адбываецца на фоне рэгулярных залётаў беспілотнікаў у Беларусь і супярэчыць заявах Аляксандра Лукашэнкі пра захаванне «мірнага неба над галавой».

У дапаўненне да комплексу супрацьпаветранай абароны (СПА) каля Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода (НПЗ), месца размяшчэння якога ўжо вядома, у ягоных наваколлях будуюць яшчэ як мінімум тры падобныя аб’екты. Усе яны атачаюць завод з боку ўкраінскай і расійскай мяжы.

Побач з тэрыторыяй Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, з яе ўсходняга боку, на пачатку жніўня 2025 года з’явіўся комплекс супрацьпаветранай абароны, падобны да зенітна-ракетнага комплексу «Тор-М2». Гэта высветлілі журналісты праекта ўкраінскай службы Радыё Свабода «Схемы» на падставе аналізу спадарожнікавых здымкаў Planet Labs і апытання экспертаў.

На спадарожнікавых здымках відаць, што ствараць пазіцыі для сістэмы супрацьпаветранай абароны каля ўсходняй часткі тэрыторыі Мазырскага НПЗ пачалі год таму, у студзені 2025 года. Тады тут пачалі ўзводзіць земляную насып вышынёй каля 30 метраў, на якой пазней устанавілі зенітна-ракетны комплекс.

Гэта не адзінае месца ў наваколлях Мазырскага НПЗ, якое ўлады Беларусі абсталёўваюць для абароны завода.

Кальцо супрацьпаветранай абароны вакол завода

На мяжы 2024 і 2025 гадоў вакол Мазырскага НПЗ амаль адначасова пачалі ўзводзіць чатыры аднатыпныя земляныя насыпы. Яны з’явіліся на поўдні — каля вёсак Санюкі і Паловкі, пры ўсходняй частцы тэрыторыі завода, а таксама на поўначы — каля вёскі Провцюкі, побач з трасай Нараўля — Мазыр.

Усе гэтыя земляныя насыпы маюць аднолькавую форму і памер пляцоўкі зверху. Іх колькасць дакладна супадае з колькасцю баявых (пускавых) машын зенітна-ракетнага комплексу «Тор-М2К», якія складаюць агнявую аснову батарэі — асноўнага тактычнага фарміравання ў зенітна-ракетных войсках.

Бачна, што зямлю для насыпяў бралі ў тым самым месцы, дзе яны з’явіліся, бо каля кожнай з іх утварыліся кар’еры. На гэты момант незавершанай выглядае толькі адна насып — каля вёскі Провцюкі, дзе будаўніцтва яшчэ працягваецца.

Будаўніцтва такіх земляных насыпяў для сістэм супрацьпаветранай абароны цяпер нярэдкасць на ваенных аб’ектах у Беларусі. У апошнія гады іх узводзяць на самых важных для ўладаў аб’ектах або ў месцах, істотна ўмацаваных з пачаткам вайны ва Украіне. Пачынаючы з 2022 года, такія земляныя насыпы з’явіліся на адноўленым ваенным аэрадроме ў Лунінцы Брэсцкай вобласці, былым закінутым аэрадроме «Зябраўка» пад Гомелем, адноўленым аэрадроме «Мазыр», на адным з магчымых сховішчаў ядзернай зброі ў Беларусі пад Асіповічамі.

Пра тое, што для аховы Мазырскага НПЗ маглі перакінуць зенітна-ракетныя комплексы «Тор-М2К», яшчэ ў красавіку і верасні 2024 года паведамляў маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн». Паводле ягонай інфармацыі, гэтыя ваеннія машыны маглі несці дзяжурства ў тым ліку ў наваколлі вёсак Паловкі і Гурыны, у некалькіх кіламетрах ад завода.

Якраз улетку 2024 года былі зафіксаваныя першыя залёты беспілотнікаў з боку Украіны ў Беларусь. Да таго Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што ў адказ на прапанову нанесці ўдар па Мазырскім НПЗ вырашыў узмацніць яго ахову.

Зенітна-ракетны комплекс «Тор-М2» прызначаны для паражэння самалётаў, верталётаў, крылатых ракет і розных тыпаў беспілотнікаў, якія ляцяць на сярэдніх, малых і мяжова малых вышынях. У мадыфікацыі «Тор-М2К» комплекс усталёўваецца на колавым шасі ад Мінскага завода колавых цягачоў.

«Гэта менавіта клас СПА, аптымізаваны для паражэння нізкавышынных, маламерных цэляў, у прыватнасці буйных ударных беспілотнікаў. Разгортванне такіх комплексаў выглядае як лагічны элемент прэвентыўнай абароны. Падобна, Лукашэнка спрабуе мінімізаваць рызыку «інцыдэнтаў», у тым ліку магчымых дыверсій, нават з расійскага боку, і гаворка дакладна не пра барацьбу з уласнымі партызанамі», — каментаваў гэтую сітуацыю для праекта «Схемы» ўкраінскі авіяцыйны эксперт Анатоль Храпчынскі, намеснік генеральнага дырэктара кампаніі — вытворцы сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

Баявыя машыны побач з вясковымі дамамі

Ваенную пазіцыю пад Санюкамі арганізавалі на месцы невялікага пясчанага кар’ера на ўскраіне вёскі. На спадарожнікавых здымках відаць, што месца баявога дзяжурства размешчана даволі блізка да жылых дамоў. Да аднаго з іх каля 190 метраў, яшчэ да некалькіх — прыкладна 300 метраў. Прыблізна за 450 метраў знаходзіцца сельскі клуб, побач — мясцовы фельчарска-акушэрскі пункт, які абслугоўвае каля 85 жыхароў навакольных вёсак.

Як адзначыў у каментары Свабодзе навуковец і папулярызатар навукі ў галіне радыяцыйнай бяспекі і неіянізуючых выпраменьванняў (радыёвыпраменьванняў) Сяргей Бессараб, размяшчэнне ваенных радыёлакацыйных комплексаў так блізка можа быць небяспечным не толькі пры баявых пусках ракет, але і ў штатным рэжыме працы:

«Гэтая сістэма ў першую чаргу прызначаная для выяўлення нізкалятучых аб’ектаў, дронаў і беспілотнікаў, што рухаюцца на ўзроўні дахаў дамоў. Таму ў зону асноўнага і дадатковага радыёлакацыйнага прамяня могуць трапляць і жывёлы, і людзі. Гэта можа быць небяспечна для здароўя чалавека. Санітарная зона ў 190 метраў — гэта вельмі мала».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках