Расійскія самалёты пачнуць запраўляць адпрацаваным фрыцюрным алеем
4- 5.02.2026, 13:39
- 2,558
У тым ліку з сеткі рэстаранаў «Вкусно — и точка».
У Расіі выпрабавалі авіяцыйнае паліва з фрыцюрнага алею. Пра «поспех» эксперыменту адрапартавала «Газпром нафта». Новы прадукт створаны на аснове складаных эфіраў і тлустых кіслот, уключаючы адпрацаваны кулінарны алей, які пастаўляе сетка рэстаранаў «Вкусно — и точка», удакладнілі ў кампаніі. Паліва SAF выпрабоўвалі на стэндавым рэактыўным рухавіку, мадэлюючы ўсе этапы палёту: узлёт, крэйсерскі рэжым і пасадку. Тэхналогія накіраваная на «скарачэнне вугляроднага следу ў авіяцыі», піша The Moscow Times.
Праграма выпрабаванняў «пацвердзіла эфектыўную працу абсталявання і зніжэнне экалагічнага ўздзеяння» ў параўнанні з традыцыйным авіякерасінам, заявілі ў «Газпром нафце». «Вынікі праведзеных выпрабаванняў будуць выкарыстаныя для выпрацоўкі адзінага нацыянальнага стандарту аб сінтэтычных кампанентах SAF для авіяцыйных палів», — дадалі там.
Начальнік дэпартамента па стратэгіі, інавацыях і ўстойлівым развіцці «Газпром нафты» Дзяніс Дземін адзначыў, што кампанія ўжо некалькі гадоў запраўляе «зялёным палівам» марскія судны, і яго прымяненне ў авіяцыі стане наступным этапам дэкарбанізацыі.
Праект рэалізуецца ў партнёрстве з удзельнікамі транспартнай галіны, уключаючы «Аэрафлот». Першы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі Андрэй Чыханчын назваў праведзеныя выпрабаванні «важным крокам на доўгім шляху развіцця SAF-тэхналогій у Расіі». Паводле ацэнак галіны, выкарыстанне біяпаліва ў авіяцыі дазволіць скараціць выкіды парніковых газаў да 80% у параўнанні з традыцыйнымі варыянтамі запраўкі.
Старшы дырэктар «Вкусно — и точка» Ірына Каршунова распавяла, што сетка штогод накіроўвае на перапрацоўку каля 6 тысяч тон выкарыстанага фрыцюрнага алею, большая частка якога цяпер ідзе на вытворчасць біяпаліва.