Зяленскі назваў тэрміны ўсталявання міру ва Украіне
10- 5.02.2026, 11:47
- 7,480
Кіеў нават дзеля заканчэння вайны не пагодзіцца вывесці свае войскі з Данецкай вобласці.
У Абу-Дабі са студзеня 2026 года праходзяць трохбаковыя мірныя перамовы з удзелам прадстаўнікоў Украіны, ЗША і Расіі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што вайна Расіі супраць Украіны можа скончыцца ў 2027 годзе. Пра гэта ўкраінскі лідар сказаў у інтэрв’ю французскаму тэлеканалу France 2.
Паводле слоў Зяленскага, яго галоўная задача цяпер — спыніць вайну. У сувязі з гэтым яго «каманда цяпер вядзе перамовы» (ідзецца пра трохбаковыя мірныя перамовы ў Абу-Дабі паміж прадстаўнікамі Украіны, ЗША і РФ — прым. рэд.).
Зяленскі падкрэсліў, што Кіеў нават дзеля заканчэння вайны не пагодзіцца вывесці свае войскі з Данецкай вобласці, бо гэта супярэчыць Канстытуцыі Украіны. Ён назваў гэта «чырвонымі лініямі» для ўкраінскай дэлегацыі на мірных перамовах. Нават прыпыненне агню на цяперашняй лініі судакранання прэзідэнт лічыць вялікім кампрамісам, на які Украіна гатовая пайсці дзеля заканчэння вайны.
Украінскі лідар адзначыў, што Расія нават падчас перамоў аб міры працягвае абстрэльваць цывільную інфраструктуру Украіны і спрабуе наступаць на фронце, пры гэтым нясе велізарныя страты ў асабовым складзе. На яго думку, гэта сведчыць пра тое, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін не мае сур’ёзных намераў заключыць мірнае пагадненне.