5 лютага 2026, Чацвер, 9:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зяленскі: Каб захапіць Данбас, Пуціну спатрэбіцца яшчэ два гады і 800 тысяч трупаў расійскіх салдат

3
Зяленскі: Каб захапіць Данбас, Пуціну спатрэбіцца яшчэ два гады і 800 тысяч трупаў расійскіх салдат
Уладзімір Зяленскі

Акупанты так доўга не вытрымаюць.

Каб захапіць увесь Данбас Уладзіміру Пуціну спатрэбіцца не менш за два гады, а цана гэтага наступлення складзе каля 800 тысяч загінулых расійскіх ваеннаслужачых.

Пра гэта ў інтэрв'ю France Télévisions заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Расія хоча, каб мы пакінулі Данбас. Чаму? Бо калі яны пачалі гэтую вайну, яны не атрымалі ніводнай перамогі. Мы добра разумеем, якую цану плаціць расійская армія за кожны метр украінскай зямлі. Яны не лічаць тых, хто гіне. Заваяванне ўсходу Украіны абыдзецца ім яшчэ ў 800 тысяч трупаў, трупаў іх салдат. Ім спатрэбіцца не менш як два гады з іх вельмі павольным прасоўваннем. На маю думку, яны так доўга не вытрымаюць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Каментуючы магчымыя саступкі дзеля спынення вайны, Зяленскі заявіў, што нават замарожванне канфлікту па цяперашняй лініі фронту ўжо з'яўляецца сур'ёзнай саступкай з боку Кіева. Ён адзначыў, што любыя варыянты ўрэгулявання прадугледжваюць сустрэчныя крокі. У прыватнасці, у выпадку стварэння асаблівай эканамічнай зоны адступаць давядзецца абодвум бакам, а ідэя дэмілітарызаванай зоны магчымая толькі пры ўмове, што кожны з бакоў будзе кантраляваць сваю частку, а паміж імі размесцяцца міжнародныя сілы размежавання, патлумачыў украінскі прэзідэнт.

Зяленскі таксама абвінаваціў расійскія войскі ў спробе выкарыстоўваць халоднае надвор'е як інструмент ціску на ўкраінскае грамадства. Паводле яго, удары па інфраструктуры і мірным насельніцтве накіраваныя на тое, каб схіліць Украіну да так званага «кампрамісу». «Расіяне не разумеюць, што чым больш яны нападаюць на мірнае насельніцтва, чым больш забіваюць, чым больш парушаюць правілы вайны, тым далей аддаляюць перспектыву кампрамісу паміж Украінай і Расіяй», — адзначыў ён.

Звесткі пра павольнае прасоўванне і высокія страты расійскай арміі пацвярджаюцца незалежнымі аналізамі. Як паведаміў у студзені Цэнтр стратэгіі і міжнародных даследаванняў (CSIS), тэмпы наступлення РФ ва Украіне аказаліся найніжэйшымі за больш як 100 гадоў найноўшай гісторыі войнаў. За два гады — у 2024 і 2025 гадах — расійская армія змагла ўсталяваць кантроль толькі над 8,4 тысячы квадратных кіламетраў, што складае 1,4% тэрыторыі Украіны. Пры гэтым на шэрагу ключавых напрамкаў наступ ішоў нават павольней, чым падчас Першай сусветнай вайны з яе зацяжнымі пазіцыйнымі баямі без руху фронту.

Мінімальныя тэрытарыяльныя поспехі былі дасягнутыя цаной страт, якіх не несла ніводная армія з часоў Другой сусветнай вайны. З лютага 2022 года па снежань 2025 года агульныя страты расійскіх войскаў, паводле ацэнкі цэнтра, склалі каля 1,2 млн чалавек. Гэта ў 17 разоў перавышае страты Савецкага Саюза ў Афганістане, у 11 разоў — страты ў абедзвюх Чачэнскіх войнах і ў пяць разоў — сукупныя страты СССР і Расіі ва ўсіх узброеных канфліктах пасля 1945 года.

Часопіс The Economist у снежаньскім аналізе прыйшоў да высновы, што сукупныя страты Расіі за час вайны ва Украіне эквівалентныя прыкладна 1% давеннага мужчынскага насельніцтва краіны. У сваю чаргу, генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ ў студзені заяўляў, што Расія штомесяц страчвае ў вайне супраць Украіны ад 20 да 25 тысяч чалавек забітымі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках