Вялікая частка расійскай Чыты засталася без святла
- 5.02.2026, 3:00
З-за аварыі на ТЭЦ.
Вялікая частка Чыты апынулася абясточанай з-за аварыі на ТЭЦ-1, якая адбылася ў ноч на 5 лютага (00:15 па мясцовым часе). Пад адключэнні трапілі адразу некалькі раёнаў горада, у тым ліку Астрав, Паўночны, Царскі, Кастрычніцкі, Угдан, раён МЖК, Біафабрыка, а таксама асобныя вуліцы ў цэнтры, паведамляе Chita.ru. У некаторых дамах, паводле звестак выдання, пачалі астываць батарэі.
Дырэктар філіяла «Чытынская генерацыя» Андрэй Чабыкін заявіў, што інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў некаторых тэлеграм-каналах, пра выбух трансфарматара на ТЭЦ не адпавядае рэчаіснасці. У МНС паведамілі, што аварыйнае адключэнне адбылося з-за спрацоўвання ахоўнай прылады. Паводле папярэдніх звестак, на турбагенератары зафіксавалі перагрузку кабеля. Як піша Chita.ru, на ТЭЦ прыбылі сілы МНС: пажарная аўтацыстэрна, штабны аўтамабіль і аператыўная група выратавальнікаў.
Інцыдэнт у Чыце адбыўся на фоне росту колькасці камунальных аварый у Расіі. Паводле падлікаў «Новай газеты Еўропа», толькі ў студзені па краіне было зафіксавана 1788 паведамленняў пра адключэнні святла, вады і цепла, што ўдвая больш, чым за той жа месяц годам раней (983 паведамленні). Найчасцей адключалі электрычнасць (723 паведамленні), таксама паступалі скаргі на адсутнасць цепла (552) і вады (513).
Рэгіёнам-лідарам па колькасці інцыдэнтаў стала Белгародская вобласць (143 выпадкі). У лік найбольш праблемных таксама ўвайшлі Краснадарскі край (138 выпадкаў), Мурманская вобласць (105 выпадкаў), Дагестан (76 выпадкаў), Разанская і Калужская вобласці (па 74 выпадкі).
Паводле ацэнак Мінбуда, знос сетак ЖКГ у краіне ў залежнасці ад рэгіёна вагаецца ад 40% да 80%, пры гэтым штогод абнаўляецца толькі каля 2% інфраструктуры.