У найбуйнейшым горадзе Сібіры скончыліся грошы на рамонт дарог
1- 4.02.2026, 23:02
- 1,746
Бюджэты рэгіёнаў РФ сутыкнуліся з катастрафічным дэфіцытам.
Улады Навасібірска — найбуйнейшага мегаполіса азіяцкай часткі Расіі з насельніцтвам 1,6 мільёна чалавек — вырашылі замарозіць выдаткі на дарожныя працы на фоне пагаршэння сітуацыі ў абласным бюджэце, які сутыкнуўся з істотным падзеннем даходаў і атрымаў больш за 50 млрд расійскіх рублёў дэфіцыту за мінулы год, перадае The Moscow Times.
Як паведаміў дэпутат гарсавета Антон Бурмістоў, закладзеныя ў бюджэце грошы на рамонт дарог і тратуараў «пакуль траціць не дазваляюць», і колькі гэта працягнецца, пакуль невядома. «Бюджэтныя сродкі пачынаюць „замарожвацца“ <�…> у маштабах горада гэта дзесяткі (і нават сотні) мільёнаў рублёў», — расказаў Бурмістоў.
У мінулым годзе, паводле даных АКРА, Навасібірская вобласць увайшла ў топ-10 рэгіёнаў РФ з найбольшым дэфіцытам бюджэту: за 9 месяцаў ён складаў 33,5 млрд рублёў, а да канца года дасягнуў 51,6 млрд рублёў. План па даходах быў сарваны: бюджэт недаатрымаў 24,5 млрд рублёў, у тым ліку 22 млрд рублёў — падатку на прыбытак, наракаў у студзені міністр фінансаў рэгіёна Віталь Галубенка.
У студзені 2026-га даходы бюджэту вобласці знізіліся яшчэ на 4% у гадавым вымярэнні. У лютым выдаткі бюджэту на фінансаванне заявак дзяржаўных устаноў наблізяцца да 27 млрд рублёў, а ўласныя даходы (9 млрд рублёў) пакрыюць толькі трэць гэтай сумы, казаў Галубенка.
Паводле даных адзінага партала бюджэтнай сістэмы Расіі, на канец верасня 2025 года бюджэты рэгіёнаў былі выкананыя з сукупным дэфіцытам у 724,8 млрд рублёў супраць 472,1 млрд годам раней. З «дзіркай» у бюджэце сутыкнуліся 68 рэгіёнаў супраць 45 у 2024-м. Сукупныя выдаткі суб'ектаў РФ павялічыліся на 15% год да года і склалі 16 трлн рублёў. Пры гэтым даходы выраслі толькі на 6%, дасягнуўшы 15,3 трлн рублёў.