Вольфовіч упэўнены, што савецкая ваенная тэхніка ў Беларусі праслужыць яшчэ гадоў 20
10- 4.02.2026, 19:45
- 4,258
Лукашэнкаўская армія завязла ў мінулым стагоддзі.
Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфовіч падчас праверкі адной з воінскіх частак 72‑га навучальнага цэнтра пад Барысавам расказаў, як у Беларусі праводзіцца мадэрнізацыя ваеннай тэхнікі, піша БелТА.
Вольфовіч падкрэсліў, што савецкая тэхніка першапачаткова стваралася з вялікім запасам трываласці. Значная яе частка дасталася Беларусі ў спадчыну ад Беларускай ваеннай акругі, што існавала ў СССР.
«Некаторыя ўзоры 1986, 1988 года, ёсць і старэйшыя. Але мы бачым, як тэхніка захоўваецца. Думаю, яна яшчэ гадоў 20 праслужыць», — упэўнены ваенны чыноўнік.
Ён мае на ўвазе танкі і баявыя машыны пяхоты, якія маюць значны рэсурс трываласці і добра паддаюцца абнаўленню. Авіяцыя ж — іншая справа:
«Мадэрнізаваць састарэлыя самалёты — гэта няправільнае рашэнне. Таму мы набываем новыя самалёты Су-30СМ2, што адпавядаюць усім сусветным стандартам».
Паводле слоў дзяржсакратара Савета бяспекі, уся тэхніка, якая ў гэтым мела патрэбу, прайшла рамонт. Акрамя таго, амаль на ўсіх танках і БМП узбраенне было пераабсталявана і мадэрнізавана. Так, танкі Т-72Б даведзены да ўзроўню Т-72Б3: у іх цалкам абноўлены комплекс узбраення і ўсталяваныя сучасныя беларускія прыцэлы «Сосна», якія, маўляў, не саступаюць замежным аналагам і карыстаюцца попытам за мяжой.
Акрамя асноўнай брані, танкі цяпер абсталёўваюцца дадатковымі абарончымі экранамі — так званымі маскамі — для супрацьдзеяння беспілотнікам, а таксама сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.