Каб не марнаваць час на гэтага менеджара, я яго забаніў у працоўным мэсэнджары
4- 4.02.2026, 19:19
- 4,632
Гэтыя айцішнікі нічога не робяць на працы — але так, каб ніхто не заўважыў.
Ці можна (амаль) не працаваць на працы і атрымліваць за гэта грошы? Даследаванне Стэнфардскага ўніверсітэта паказвае, што амаль кожны дзясяты праграміст толькі імітуе занятасць, а айцішнікі распавялі выданню devby.io, як і чаму ствараюць бачнасць працы — часам гадамі.
У лістападзе 2024 года даследчык са Стэнфардскага ўніверсітэта Ягор Дзянісаў-Бланш, які спецыялізуецца на вывучэнні прадукцыйнасці працы ў распрацоўцы праграмнага забеспячэння, падзяліўся вынікамі буйнага даследавання пра прадукцыйнасць інжынераў-праграмістаў.
Прааналізаваўшы даныя пра прадукцыйнасць больш як 50 000 інжынераў з сотняў кампаній, даследчыкі са Стэнфарда прыйшлі да высновы, што 9,5% праграмістаў практычна нічога не робяць. Такіх супрацоўнікаў яны прапанавалі называць «прывіднымі інжынерамі» (Ghost Engineers).
Паводле ацэнак Дзянісава-Бланша, больш за ўсё «прывідных інжынераў» сярод супрацоўнікаў, якія працуюць дыстанцыйна (14%). У гібрыдным рэжыме ўмела імітуюць працу 9% праграмістаў, а ў офісах — 6%. Пры гэтым сярод праграмістаў на дыстанцыйцы значна часцей, чым сярод офісных работнікаў, сустракаюцца і супрацоўнікі з анамальна высокай прадукцыйнасцю працы.
«Задачу я выконваю за гадзіну-дзве. І два-тры дні на стэндапах кажу, што працую над ёй»
Віктар (імя зменена) працуе на пазіцыі QA Automative ў аўтсорс-кампаніі прыкладна з 500 супрацоўнікамі. Цяпер ён жыве ў Польшчы, але свае эксперыменты з імітацыяй працы пачаў яшчэ да пераезду:
— На адным з праектаў я пачаў бавіцца бяздзейнасцю, яшчэ працуючы ў Беларусі. А калі перабраўся ў Польшчу, як ІП такімі справамі займацца стала яшчэ прасцей і выгадней.
Звычайна я займаюся імітацыяй працы, калі ў мяне іх дзве. У кожным такім выпадку адзін з праектаў — «для душы». Там я сапраўды ўкладаюся. Стараюся выконваць сваю працу як мінімум на тым узроўні, які ад мяне чакае заказчык, а дзесьці нават і больш.
А на другім праекце я ў лепшым выпадку выконваю мінімальную колькасць задач, каб да мяне не было пытанняў. Пры гэтым нават гэтыя задачы часта раблю з мінімальнай колькасцю высілкаў — абы зрабіць. А цяпер з дапамогай ШІ займацца такім стала яшчэ прасцей. Таскі ацэньваюцца ў 2–3 разы больш за рэальныя высілкі. То-бок задачу я выконваю за гадзіну-дзве і два-тры дні кажу на стэндапах, што працую над ёй.
Ці мучыць мяне сумленне? Зусім не. І на гэта ў мяне ёсць прычыны.
Мая цяперашняя аўтсорс-кампанія некалькі разоў парушала першапачатковыя дамоўленасці па ўмовах працы і абавязках, якія я павінен выконваць на праекце. Спрабуючы неяк вырашыць гэтыя праблемы, я бачыў поўную абыякавасць з іх боку. Была толькі бачнасць занепакоенасці маёй сітуацыяй.
У пэўны момант мне гэта надакучыла, я вырашыў змяніць кампанію. Але, знайшоўшы добры офер, вырашыў часова паспрабаваць папрацаваць на дзвюх працах, поўнасцю ўкладваючыся ў новую, а на першай ствараючы бачнасць працы. Я вырашыў, што будзе сумленна «падаіць» гэтых хлопцаў, бо тым самым яны займаліся ў дачыненні да мяне, калі нават не спрабавалі вырашаць мае праблемы з кліентам, якому яны мяне «прадалі».
У выніку ўсё гэта зацягнулася. Я ўжо даволі доўга ствараю ў кліента бачнасць бурнай дзейнасці, і пакуль усё сыходзіць з рук. Вядома, бываюць моманты, калі трэба паспець да дэдлайнаў, і тады я магу расшчодрыцца на 5–6 гадзін працы ў дзень. Але гэта рэдкасць: я аддаю перавагу накіроўваць працоўны час на другі праект, над якім мне сапраўды цікава працаваць і які лепшы па ўсіх параметрах.
Дарэчы, на праекце, дзе я імітую працу, я не адзін такі. Ведаю яшчэ аднаго чалавека, які таксама працуе па гадзіне-дзве ў дзень, а асноўны час траціць на другую працу. Прычыны падобныя: абыякавыя адносіны з боку аўтсорс-кампаніі да абароны правоў работніка перад кліентам, а таксама аплата ніжэйшая за сярэднюю па рынку.
На прапанову «не падабаецца — сыходзь» адкажу так. Не раз бачыў, як людзей звальняюць ледзь не ў адзін дзень, калі яны становяцца непатрэбныя кампаніі. Часта, асабліва ў аўтсорсе, мы — проста рэсурс, які выкарыстоўваюць дзеля прыбытку. Пры першай жа нагодзе — ты за бортам. Таму я вырашыў памяняцца ролямі і замест бессэнсоўнага вяславання проста выкінуў вясло за борт.
«Каб не марнаваць час на гэтага менеджара, я яго забаніў у працоўным мэсэнджары»
Ілля (імя зменена) — распрацоўшчык, які працуе ў сярэдняй па памеры кампаніі (500–600 чалавек у розных краінах), што ўжо пакінула Беларусь:
— У мяне ёсць двое калег, якія ўмеюць імітаваць працу і атрымліваць за гэта зарплату. Праўда, з агаворкай: аднаго з іх усё ж прымусілі працаваць.
Першы — распрацоўшчык. Вось яму мы з калегамі «накруцілі хвост» і прымусілі працаваць. Сказаць, што ён увогуле нічога не рабіў, — перабольшанне, але невялікае. Калі паглядзець у разрэзе ўсёй каманды, дык так яно і было. Стандартныя задачы ён выконваў у два-тры разы даўжэй, чым яго калегі. Яму заўсёды нешта перашкаджала. Кожны пул-рэквэст — facepalm, быццам чалавек нават не спрабаваў зразумець, што патрабавалася ў задачы.
Сітуацыя дасягнула піку, калі яго папрасілі паглядзець адзін тэрміновы баг, які выскачыў на продзе, і фікс быў патрэбны на працягу пары гадзін. Гэты «паўфабрыкат» (прабачце, інакш не ведаю, як назваць) сказаў: «Ок, пагляджу прама цяпер» — і знік.
Праз пару гадзін высветлілася, што ён, нікога не папярэдзіўшы, паехаў у працоўны час па сваіх справах, а баг нават не глядзеў. Пасля гэтага мы правялі з ім выхаваўчую размову, падчас якой я ўжо не абмяжоўваўся ў выразах. Падзейнічала — і цяпер нават не верыцца, што з ім былі нейкія праблемы.
Другі такі чалавек «працуе» на менеджарскай пазіцыі. Тут усё па класіцы. Калі ў календары з’яўляецца бессэнсоўная сустрэча, на якой будзем «пераліваць ваду», — з верагоднасцю 99% яе арганізаваў ён. А яшчэ зрэдку ўсплываюць яго ініцыятывы, адарваныя ад рэальнасці і патрэбныя толькі для таго, каб паказаць яго эфектыўную працу.
Часам ён прыходзіць з нейкімі пытаннямі ў «лічку» да выпадковых людзей. Таму, каб не марнаваць на яго час, я яго забаніў у працоўным мэсэнджары. Усе зносіны з ім цяпер адбываюцца выключна праз тыкеты або праз майго лінейнага менеджара. Інакш ёсць рызыка правесці ўвесь дзень у бессэнсоўнай перапісцы і званках з ім.