Беларусы не вераць, што ўладам удасца стрымаць рост цэн
1- 4.02.2026, 17:46
- 1,034
Апытанне паказала высокі ўзровень недаверу да прагнозаў лукашыстаў.
Улады запланавалі, што ў гэтым годзе цэны вырастуць не больш як на 7%. Аднак беларусы сумняваюцца ў правільнасці такога прагнозу: грамадзяне чакаюць, што інфляцыя перавысіць 11%, паведаміў Нацбанк.
Нацбанк распавёў, што адбывалася з інфляцыяй у Беларусі ў апошнія тры месяцы 2025 года. Як адзвітаваўся рэгулятар, рост цэн «працягваў запавольвацца». Гэтаму паспрыяла так званая завозная інфляцыя: калі вытворцы з іншых краін павышаюць цэны на сваю прадукцыю, якую імпартуе Беларусь, то аўтаматычна гэтая прадукцыя даражэе і ў нас. «Змяншэнне знешняга цэнавага ціску», як піша Нацбанк, адбылося дзякуючы зніжэнню інфляцыі ў Расіі і цэн на сусветных рынках, паведамляе «Белсат».
Акрамя таго, запаволенне росту цэн адбылося дзякуючы «сітуацыі на ўнутраным спажывецкім рынку, перадусім на рынку плодаагародніннай прадукцыі».
За мінулы год цэны ў Беларусі выраслі на 6,8% пры прагнозе ўладаў у 5%. Пры гэтым, паводле адчуванняў грамадзян, інфляцыя разагналася да 11,3%. Гэта вынік апытання, праведзенага Нацбанкам у снежні,
У найбліжэйшыя 12 месяцаў, як чакаюць беларусы, цэны вырастуць на 11,2%. У вераснёўскім апытанні рэспандэнты называлі меншую лічбу: 10,7%.
Паводле прагнозу ўладаў, у гэтым годзе цэны ў Беларусі павялічацца максімум на 7%. Пры гэтым кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка запэўніваў, што будзе імкнуцца, каб інфляцыя ўсё ж не перавысіла 5%.