У ЖКГ назвалі дадатковыя выпадкі, калі налічаць 100% за камуналку
1- 4.02.2026, 14:39
- 3,900
Каму яшчэ давядзецца плаціць па падвышаным тарыфе?
Плануеце здаваць уласную кватэру або пакой «на суткі»? У Міністэрстве ЖКГ (жыллёва-камунальнай гаспадаркі) Беларусі распавялі, як у такім выпадку будзе налічвацца плата за жыллёва-камунальныя паслугі (ЖКП). Ёсць і не відавочны варыянт, калі ўсё адно давядзецца плаціць 100%, піша Telegraf.news.
Нагадаем, што большасць беларусаў плаціць за камунальныя паслугі па тарыфах, субсідзіраваных дзяржавай. Яны, паводле заяў чыноўнікаў, не пакрываюць выдаткі на ЖКП у поўным аб’ёме.
Аднак у некаторых выпадках, напрыклад, прызнаныя дзяржавай «дармаедамі» беларусы плацяць поўны тарыф. Калі ж вы вырашылі здаваць сваё жыллё або яго частку ў арэнду пасутачна, то такую дзейнасць лічаць прадпрымальніцкай.
Такім чынам, калі жылое памяшканне выкарыстоўваецца для прадпрымальніцкай дзейнасці, звязанай з прадастаўленнем месцаў для кароткатэрміновага пражывання, то плата за асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі (акрамя капітальнага рамонту, а таксама забеспячэння звадкаваным газам ад індывідуальных балонаў і рэзервуарных установак) уносіцца па тарыфах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё выдаткаў на іх аказанне. То бок субсідзіраваныя тарыфы тут не падыходзяць.
Калі ж для пасутачнай здачы выкарыстоўваецца частка жылога памяшкання, але пры гэтым адсутнічае раздзельны ўлік спажывання камунальных паслуг, то плата за ЖКП уносіцца па тарыфах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на іх аказанне ў цэлым па жылым памяшканні.