Украінская дэлегацыя пачала сустрэчы ў Абу-Дабі
3- 4.02.2026, 13:27
- 1,158
Перамовы працягнуцца два дні.
Украінская перамоўная каманда прыбыла ў Абу-Дабі, дзе пачала першыя сустрэчы па абмеркаванні мірных намаганняў.
Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс-Украіна» са спасылкай на крыніцу, набліжаную да ўкраінскай каманды.
Украінскую дэлегацыю на перамовах у Абу-Дабі прадстаўляюць сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Рустэм Умераў, кіраўнік Офіса прэзідэнта Кірыл Буданаў і яго першы намеснік Сяргей Кісліца, кіраўнік фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія, начальнік Генеральнага штаба ЗСУ Андрэй Гнатаў і дарадца ОП Аляксандр Бевз.
Па словах Умерава, ў Абу-Дабі ўкраінская каманда правядзе двухбаковую сустрэчу з амерыканскім бокам, які прадстаўляюць спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Стыў Віткоф і зяць Дональда Трампа Джарэд Кушнер.
Украіна і ЗША абмяркуюць дакумент аб гарантыях бяспекі і «план росквіту».
Таксама запланаваная трохбаковая сустрэча з ЗША і Расіяй. Як адзначыў Умераў, бакі будуць абмяркоўваць ваенна-палітычныя пытанні.
Чакаецца, што перамовы працягнуцца два дні.