4 лютага 2026, Серада, 14:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы зноў скардзяцца на праблемы з доларамі ў абменніках

1
Беларусы зноў скардзяцца на праблемы з доларамі ў абменніках

Банкі адмаўляюцца прымаць купюры, якія самі ж прадавалі кліентам.

Адна з беларусак паскардзілася ў Threads, што ў банку не прынялі долары з-за плям на купюрах. Паводле яе слоў, грошы былі ў нармальным стане і візуальна не выглядалі бруднымі, аднак касір не прыняў ніводнай купюры. Пры гэтым у іншым абменніку тыя ж самыя долары прынялі без пытанняў, піша Smartpress.by.

Гісторыя хутка выйшла за межы прыватнага выпадку. На момант публікацыі допіс набраў больш за 500 каментарыяў.

«Раней не прымалі з-за ультрафіялету, цяпер — з-за плям»

Аўтарка паказала фота пяці стодоларавых купюр і напісала, што раней банкі адмаўляліся прымаць валюту з-за слядоў, якія свяцяцца ў ультрафіялете. Цяпер жа, паводле яе слоў, прычынай сталі звычайныя плямы.

«Купюры не брудныя. Нармальныя. Банкі цяпер прымаюць, атрымліваецца, толькі ідэальна новыя купюры, якія не былі ў абароце, ці што?!» — абурылася яна. У каментарыях дзяўчына ўдакладніла, што ў іншым абменніку гэтыя ж грошы прынялі без якіх-небудзь заўваг.

«Ледзь бачную пляму вымяралі ў міліметрах»

Пад допісам пачалі дзяліцца падобнымі гісторыямі. Адна з карыстальніц напісала, што сутыкнулася з адмовай напярэдадні Новага года: касір вымераў ледзь бачную пляму і заявіў, што яна перавышае дапушчальны парог. У выніку купюры прынялі ў іншым банку, але з камісіяй 5%.

Іншыя каментатары распавядалі, што ў абменніках адчуваюць сябе амаль што парушальнікамі закона. Паводле іх слоў, стаўленне да кліентаў часам нагадвае допыт, а многае залежыць ад канкрэтнага касіра і аддзялення. «Калі здаю валюту, адчуванне такое, быццам прынёс падробку», — напісаў адзін з удзельнікаў абмеркавання.

Набытыя ў банку — не прынятыя банкам

Асобнае раздражненне ў людзей выклікаў той факт, што долары найчасцей набываліся ў тых жа беларускіх банках, якія пазней адмаўляліся іх прымаць. Карыстальнікі недаўмяюць: прадаць валюту банк можа без праблем, а вось выкупіць — ужо не.

«Я гэтыя долары купляю выключна ў банках РБ. Не прывожу іх з-за мяжы. Дык што, прадаць — так, купіць — не?» — напісала адна з удзельніц дыскусіі.

Некаторыя іранізавалі, што абмен валюты ў Беларусі ўсё больш нагадвае здачу музейнага экспаната, а не звычайную фінансавую аперацыю.

Банкамату — адны купюры, кліенту — іншыя?

У абмеркаванні ўсплывалі і яшчэ больш абсурдныя сітуацыі. Адзін з карыстальнікаў расказаў, што абмяняў 100 долараў на беларускія рублі, але банкамат адмовіўся прымаць атрыманыя купюры — «не спадабаліся». У тым жа банку наяўныя прынялі назад, патлумачыўшы, што для банкаматаў патрэбныя іншыя грошы.

Гэта гісторыя выклікала хвалю саркастычных каментарыяў: людзі недаўмявалі, няўжо цяпер існуюць «арыгінальныя» купюры для тэхнікі і «звычайныя» — для крамаў.

Якія долары банк можа не прымаць?

Нагадаем, з 1 кастрычніка 2025 года ў Беларусі змяніліся правілы куплі замежнай валюты ў фізасобаў. З гэтага моманту банкі абавязаныя прымаць купюры з забруджваннямі, якія свяцяцца ў ультрафіялете — кропкі, плямы, сляды так званай «цвілі». Таксама плацежаздольнымі лічацца банкноты са слядамі натуральнага зносу — пацёртасцю, лініямі перагібаў і іншымі прыкметамі абароту.

Пры гэтым банкі маюць права адмовіцца ад купюр, калі яны пашкоджаныя агнём, разарваныя і склееныя, або маюць характэрныя надпісы — напрыклад, абразлівыя словы ці пазнакі кшталту «хабар» або «рэкет». У шэрагу выпадкаў валюту могуць прыняць толькі на інкаса — з камісіяй. Абмежаванні таксама датычацца колькасці надрываў, праколаў і штампаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках