Генсак НАТА распавёў пра «тры ўзроўні» гарантый бяспекі для Украіны
2- 3.02.2026, 17:56
- 1,268
Фота: AP
Першы — узмоцненая ўкраінская армія.
Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ лічыць, што асноўная мэта гарантый бяспекі, якія пачнуць дзейнічаць пасля перамір’я, — павысіць цану магчымога новага нападу на Украіну для РФ.
Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі ў Кіеве, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Генеральны сакратар адмовіўся каментаваць па сутнасці публікацыю выдання Financial Times пра ўзгодненыя прынцыпы забеспячэння бяспекі Украіны, хоць прызнаў, што чытаў яе.
Аднак ён пацвердзіў, што цяпер у дамоўленасцях «ідзе гаворка пра гарантыі бяспекі, якія маюць тры ўзроўні».
Паводле яго слоў, першы ўзровень гарантый — гэта «ўзмоцненая ўкраінская армія», якую будзе падтрымліваць фінансаванне партнёраў. «Яна, відавочна, будзе першай лініяй абароны, калі расіяне зноў паспрабуюць атакаваць Украіну. І мы ўсе адчуваем абавязак зрабіць так, каб украінскае войска было гатовае да самабароны», — заявіў генсак.
Другі ўзровень, як адзначыў Рутэ, — гэта «кааліцыя рашучых», «якую сабралі разам французы і брытанцы». Пры гэтым ён устрымаўся ад канкрэтызацыі таго, як яна будзе дзейнічаць у выпадку нападу, толькі адзначыў, што мэта кааліцыі — не толькі забяспечыць, каб украінскае войска мела ўсё неабходнае, «але таксама гарантаваць іншыя крокі».
«І трэці ўзровень — Злучаныя Штаты, якія летам сказалі, што хочуць далучыцца», — завяршыў тлумачэнне генсак.
Усе тры ўзроўні павінны разам забяспечыць такі аб’ём стрымлівання, каб даць упэўненасць, «што новага нападу Расіі больш ніколі не будзе».
«Я не буду каментаваць інфармацыю Financial Times, акрамя пацвярджэння таго, што менавіта гэта і было мэтай — зрабіць так, каб гарантыі бяспекі былі настолькі моцнымі, што для Расіі новая атака будзе вельмі дрэнным рашэннем», — падсумаваў ён.