3 лютага 2026, aўторак, 14:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэградацыя расійскага ВПК

1
Дэградацыя расійскага ВПК

Якую новую зброю змагла паказаць РФ?

На выставу World Defense Show 2026 у Саудаўскай Аравіі Расія адправіла БТР-22. Расійская прапаганда літаральна захаплялася дэманстрацыяй нейкай канцэпцыі новага пакалення ББМ, якая, маўляў, не мае аналагаў у свеце, а па сутнасці — жаласнай пародыяй на ўкраінскі БТР-4, якая так і не была ўвасоблена нават у вытворчасці дробнай серыі за апошнія 10 гадоў, але хоць шэрагам станоўчых момантаў адрознівалася ад тупіковай савецкай канцэпцыі «плаваючых» цынкавых трунаў.

У далёкім 2017 годзе расійскія канструктары прадставілі бранятранспарцёр, які на той момант меў вельмі актуальныя і надзвычай карысныя рашэнні ў параўнанні з класічнымі ББМ і «найноўшым» на той час БТР-82А. Праўда, тады ён меў назву БТР-87… Але з нядаўніх часоў ён атрымаў зусім іншы індэкс — БТР-22.

Гэта быў бранятранспарцёр з насавым размяшчэннем сілавой устаноўкі і абсталяваннем кармавога выхаду для дэсанту. А таксама, што немалаважна, ён меў супрацьмінную абарону ў выглядзе шматслойнай сталёвай брані.

Галоўны і бясспрэчны мінус для расійскага генералітэту ў выпадку з БТР-22 быў у тым, што ён… не плаваючы. Ну, гэта значыць, тэарэтычна дробныя вадаёмы можа пераадольваць, але каб выходзіць у адкрыты акіян і атакаваць АУГ праціўніка — не. Жах!

Так, мала каго цікавіла тое, што дапатопная 2А42/72 (няма розніцы, эфект бізуна аднолькавы для абедзвюх) так і не атрымала стабілізуючай фермы для павышэння кучнасці стральбы, і нават цяпер на World Defense Show 2026 прывезлі БТР без дадатковай апоры ствала аўтаматычнай гарматы, якая вядомая тым, што страляе кудысьці туды… І гэта пры тым, што на ўкраінскіх БТР-3Е і БТР-4 «ферма» — дадатковая апора для ствала — была базавай у камплектацыі!

Па тым, што я ўбачыў на кадрах, магу сказаць: калі Расія прывезла на World Defense Show 2026 у Саудаўскай Аравіі, адну з нямногіх зброевых выстаў, куды яе пускаюць, вось гэта, даўно ўжо сябе вычарпалае і дэградавалае, то пра якое развіццё і прагрэс можна казаць? На такія ўзоры могуць купіцца толькі заказчыкі з краін Афрыкі, і то толькі ў крэдыт за кошт расійскіх банкаў, пры тым, што праз пару гадоў ім гэтыя крэдыты дарауюць за лаяльнасць іх урадаў Маскве падчас галасаванняў у сценах ААН.

Дэградацыя расійскага ВПК беззваротная і непазбежная.

На выставу World Defense Show 2026 у Саудаўскай Аравіі Расія таксама прывезла 300-мм РСЗО «Сарма» на базе браняванага шасі КамАЗ-63501, якую расійская прапаганда ўжо ахрысціла «найноўшай».

Як вы разумееце, з гэтай нагоды мне таксама ёсць што сказаць.

Справа ў тым, што «найноўшая» РСЗО «Сарма» раней ужо была прадстаўлена на базе БМ 9А52−4 і называлася РСЗО 9К58−4 «Кама» на шасі КамАЗ-63501 (8×8), якія былі прадстаўлены яшчэ ў далёкім 2009 годзе!

Па сутнасці, 300-мм РСЗО «Сарма» на шасі КамАЗ-63501 з шасцю накіроўвальнымі для рэактыўных снарадаў павінна была замяніць РСЗО БМ-30 «Смерч», якая з пэўнага часу стала надзвычай рэдкай, мела 12 накіроўвальных і шасі на базе значна больш дарагога і энергазатратнага МАЗ-79111 (9А52) і МАЗ-543М (9А52−2).

Вось толькі з 2009 года РСЗО «Сарма» так і не дайшла да масавай вытворчасці і цяпер прадстаўлена двума выставачнымі ўзорамі. Прычым — гэта перафарбаваная 300-мм РСЗО «Сарма» на базе браняванага шасі КамАЗ-63501, прадэманстраваная Пуціну падчас яго візіту на збанкрутаванае прадпрыемства «Матаўіліхінскія заводы».

Паўтаруся: на гэтым шасі непасрэдна РСЗО «Сарма» прадстаўлена, фактычна, адным-адзіным выставачным узорам, а другі — гэта РСЗО 9К58−4 «Кама».

То-бок нават для патрэб расійскай арміі, якая страціла сотні РСЗО ўсіх тыпаў ва Украіне, у выніку чаго ўзнік крытычны дэфіцыт рэактыўнай артылерыі, у Расіі так і не здолелі запусціць масавую вытворчасць «Сармы»?

Менавіта так.

Больш за тое, Расія вымушана не сама вырабляць РСЗО, а закупляць іх у КНДР, у прыватнасці лёгкія 107-мм РСЗО Type-75 і 240-мм РСЗО M1991.

У Расіі ўжо 16 гадоў не могуць запусціць масавую вытворчасць уласнай РСЗО, але пры гэтым вязуць яе ў Саудаўскую Аравію ў надзеі хоць каму-небудзь ўцюхаць кантракт, які наўрад ці калі-небудзь будзе выкананы…

Аляксандр Каваленка, Telegram

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках