Расіяне ўдарылі па музеі памяці Другой сусветнай вайны ў Кіеве
4- 3.02.2026, 12:18
- 1,882
Падчас масіраванай атакі пашкоджана зала славы ля манумента «Маці-Радзіма».
Падчас расійскай масіраванай атакі на Кіеў 3 лютага была пашкоджана зала славы Нацыянальнага музея гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне каля падножжа манумента «Маці-Радзіма».
Пра гэта паведаміла віцэ-прэм’ер-міністр па гуманітарнай палітыцы — міністр культуры Украіны Таццяна Беражна.
Яна дадала, што нягледзячы на атаку, музей працягвае працу.
«Гэта помнік навукі і тэхнікі мясцовага значэння. Адначасова сімвалічна і цынічна: дзяржава-агрэсар наносіць удар па месцы памяці пра барацьбу з агрэсіяй ХХ стагоддзя, паўтараючы злачынствы ўжо ў ХХІ стагоддзі. На месцы працуюць профільныя службы — спецыялісты музея, тэхнічныя службы і паліцыя. Яны аглядаюць тэрыторыю, фіксуюць пашкоджанні і першапачатковую ацэнку нанесенай шкоды. Пасля завяршэння абследавання будзе вядомы аб’ём аднаўленчых работ».
Яна нагадала, што з пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ пашкодзіла або знішчыла больш за 1680 помнікаў культурнай спадчыны і тысячы аб’ектаў культурнай інфраструктуры.
«Гэта свядомае знішчэнне культуры і памяці, якое патрабуе кансалідаванага адказу міжнароднай супольнасці. У прыватнасці, праз узмацненне санкцый супраць Расіі і прадастаўленне Украіне дадатковых сродкаў супрацьпаветранай абароны», — падкрэсліла віцэ-прэм’ер Украіны.



