У Польшчы асудзілі літоўца за гатоўнасць працаваць на беларускі КДБ
5- 3.02.2026, 12:09
- 1,844
Ён збіраўся перадаць звесткі пра агентаў ЦРУ.
Акруговы суд Беластока прысудзіў грамадзяніна Літвы да аднаго года пазбаўлення волі за гатоўнасць супрацоўнічаць з беларускімі спецслужбамі. Ён збіраўся перадаць ім інфармацыю пра агентаў ЦРУ ў Расіі і Еўропе, але не ўлічыў, што прапановы яму паступаюць не ад супрацоўнікаў беларускага ведамства. Пра прысуд паведамілі у Нацыянальнай пракуратуры Польшчы.
Хто ў выніку выйшаў на літоўца і справакаваў яго да супрацоўніцтва, з матэрыялаў пракуратуры няясна. Аднак гэтыя агенты выдавалі сябе за супрацоўнікаў беларускай разведкі. Электронная перапіска працягвалася з 27 лістапада 2024 года па 14 сакавіка 2025 года. Тады літовец выказаў згоду перадаваць беларускаму КДБ інфармацыю пра агентаў ЦРУ, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Расіі, і пра месцазнаходжанне цэнтраў ЦРУ на тэрыторыі Еўропы. Пракуратура патлумачыла, што такім чынам ён дзейнічаў на шкоду бяспецы ЗША — саюзніка Польшчы па НАТА.
Супрацоўнікі польскага Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымалі мужчыну 15 сакавіка 2025 года. Падчас допытаў ён прызнаў віну і даў тлумачэнні сваім дзеянням. Гэта дазволіла суду вынесці прысуд без судовага разгляду. Такая працэдура спрошчанага крымінальнага судаводства ўжываецца ў Польшчы, калі абвінавачаны прызнае віну і яна не выклікае сумневаў.
У выніку 9 студзеня 2025 года суд прысудзіў літоўца да аднаго года пазбаўлення волі і пастанавіў канфіскаваць прадметы, выкарыстаныя для здзяйснення злачынства. Прысуд уступіў у сілу.