У Ракаве ўдарыў мароз −37 °C?
5- 3.02.2026, 10:50
- 6,288
Сіноптыкі патлумачылі тэмпературную анамалію.
У Telegram-канале Nadvorie разабралі выпадак пра тэрмометр у Ракаве на Міншчыне: ці быў там мароз −36…−37 °C а 9-й раніцы 2 лютага, як паведамілі жыхары (ёсць фота тэрмометра). Сіноптыкі патлумачылі, якая пагрэшнасць можа быць у бытавога тэрмометра — карысна даведацца беларусам.
«Тэмпература паветра вымяраецца на вышыні 1,5–2 м тэрмометрам, змешчаным у метэаралагічную будку, не проста так», — адзначылі спецыялісты.
Паводле іх слоў, інструментальная пагрэшнасць бытавога спіртавога тэрмометра складае:
у дыяпазоне −20…−30 °C — ±1…2 °C,
пры −30 °C і ніжэй — ±3 °C.
У канале Nadvorie патлумачылі, што пры моцных маразах узмацняецца ўплыў прыляпання вадкасці да сцянок капіляра тэрмометра, а таксама мікраразрываў слупка, якія часта не заўважныя для вока.

«Калі тэрмометр вісіць на сцяне без экрана, то яшчэ дадаецца і радыяцыйная памылка», — патлумачылі метэаролагі.
У выніку, паводле іх ацэнак, пагрэшнасць бытавога спіртавога тэрмометра пры тэмпературах ніжэй за −25 °C можа дасягаць 3 °C з-за ўмоў устаноўкі і радыяцыйнага ахалоджвання.
Радыяцыйнае ахалоджванне — гэта працэс, пры якім паверхня Зямлі і прылягаючае да яе паветра страчваюць цяпло, выпраменьваючы яго ў выглядзе інфрачырвоных хваль у атмасферу і космас. Прасцей кажучы, Зямля «аддае» назапашанае за дзень цяпло, асабліва актыўна ноччу, калі няма сонечнага нагрэву.
Найбольш інтэнсіўна радыяцыйнае ахалоджванне адбываецца ў яснае і бязветранае надвор'е. Аблокі дзейнічаюць як «коўдра»: яны затрымліваюць цеплавое выпраменьванне і змяншаюць ахалоджванне, а вецер перамешвае паветра і не дае паверхні хутка астываць.
Менавіта з-за радыяцыйнага ахалоджвання ноччу тэмпература можа рэзка зніжацца, утвараюцца замаразкі, туман і іней, нават калі ўдзень было адносна цёпла.