Цэны на садавіну і гародніну ў Беларусі завышаныя на 470%
6- 3.02.2026, 9:34
- 3,942
Парушэнні выявіў маніторынг 188 гандлёвых аб’ектаў.
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання заявіла аб завышэнні цэн на садавіну і гародніну на 470% у Беларусі.
Парушэнні выявіў маніторынг 188 гандлёвых аб’ектаў у студзені 2026-га. Па выніках праверак выдалі 82 рэкамендацыі і накіравалі 27 прадпісанняў аб забароне рэалізацыі тавараў. Па выяўленых фактах да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 25 вінаватых асоб, а сума штрафаў перавысіла 3,5 тысячы беларускіх рублёў.
У васьмі крамах устанавілі парушэнні заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні, выдалі два прадпісанні аб устараненні парушэнняў, а таксама ў дачыненні да 20 вінаватых асоб ужылі меры. Агульная сума штрафаў з-за высокіх цэн перавысіла 4,5 тысячы рублёў.
Напрыклад, у Маладзечне парушэнні знайшлі ў крамах «Март Инн Фуд» і «Доброном». У продажы былі тавары з прасрочанымі тэрмінамі прыдатнасці, у тым ліку цукровая пудра, мясныя паўфабрыкаты, рыба, арэхі, і прадукцыя без дакументаў — акарочкі, грудзінка і цыплёнак-грыль.
Яшчэ ў Маладзечанскім раёне ў «АрниваБел» устанавілі завышэнне граничных памераў гандлёвых надбавак ад 73% да 470% на свежую капусту белакачаную, цыбулю рэпчатую, свежыя памідоры і салодкі перац, апельсіны, лімоны і яблыкі. Напрыклад, яблыкі прадавалі па цане 7,5 рубля за кілаграм, а павінны былі — не даражэй за 1,75 рубля; апельсіны — па 13,9 рубля замест 5,34 рубля. Штраф склаў больш за 4000 рублёў.
І ў Магілёве ў краме «Марцін» знайшлі ў продажы бульбу з дыяметрам клубня каля 35 міліметраў, што не адпавядае ГОСТу. І наадварот, не знайшлі капусты белакачанай, якая павінна быць у продажы. У краме «Pro Запас» Магілёўскага райспажыўтаварыства ў наяўнасці не было бульбы.
— Пазначаныя суб’екты атрымалі рэкамендацыі для ўстаранення парушэнняў, — пракаментавалі ў прэс-службе.
Акрамя таго, па матэрыялах Генпракуратуры ўстанавілі завышэнне кампаніяй «АгроСтор Бел» граничнай аптовай надбавкі на сланечнікавы шрот, набыты ў Беларусі і рэалізаваны сельгаспрадпрыемствам. А на імпартны сланечнікавы, рапсавы і соевы шрот адпускныя цэны не былі пацверджаныя эканамічнымі разлікамі і няправільна ўказваліся ў таварна-транспартных накладных. Кампанія і службовая асоба атрымалі штраф больш за 55 тысяч рублёў.