Расіяне білі па мнагапавярхоўках у Кіеве балістыкай і дронамі
2- 3.02.2026, 8:26
- 3,474
Пашкоджанні ёсць у 5 раёнах.
Расіяне ўначы 3 лютага нанеслі па ўкраінскай сталіцы Кіеву чарговы масіраваны ўдар, ёсць пашкоджанні ў некалькіх раёнах, піша unian.net.
Як паведаміў кіраўнік Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі Цімур Ткачэнка, па стане на 4:40 паводле мінскага часу зафіксаваныя наступствы варожай атакі на Кіеў у пяці раёнах - Дарніцкім, Дэснянскім, Дняпроўскім, Пячэрскім і Шаўчэнкаўскім.
У Дарніцкім раёне пашкоджаны 25-павярховы дом, а ў іншым месцы — 5-павярхоўка. Таксама ўзнік пажар у нежылой забудове.
У Дэснянскім раёне пашкоджаны нежылы будынак.
У Дняпроўскім раёне зафіксавана пашкоджанне тэрыторыі дзіцячага садка, а таксама пашкоджанне жылога 5-павярховага дома.
У Пячэрскім раёне пашкоджаная АЗС. Пашкоджанні атрымалі прыпаркаваныя аўтамабілі.
У Шаўчэнкаўскім раёне пашкоджаны 22-павярховы жылы дом.
Таксама ў выніку варожай атакі ў Дарніцкім раёне ёсць адзін пацярпелы. Пазней Ткачэнка паведаміў, што колькасць пацярпелых у выніку расійскай атакі на Кіеў узрасла да двух.