У Беларусі адмянілі яшчэ адну падатковую ільготу для насельніцтва
6- 28.02.2026, 19:45
- 14,056
Гэта можа закрануць многіх напярэдадні свята 8 сакавіка.
Падаткавікі напярэдадні 8 сакавіка патлумачылі, як беларусы павінны прадаваць кветкі, каб не атрымаць штраф за незаконны гандаль. Як высветлілася, з 1 студзеня гэтага года з'явілася падатковая новацыя, піша «Зеркало».
У Міністэрстве па падатках і зборах (МПЗ) нагадалі, што з 1 кастрычніка 2024 года фізічныя асобы, якія працуюць без рэгістрацыі ІП, могуць прадаваць толькі самастойна вырашчаную прадукцыю кветкаводства і дэкаратыўныя расліны. Набыць аптам цюльпаны або ружы і перапрадаць іх як самазаняты — больш нельга. Пацвердзіць, што кветкі вырашчаныя асабіста, трэба даведкай з мясцовага выканаўчага органа.
Пры гэтым гандляваць дазваляецца толькі самастойна, без наёмных работнікаў, і толькі ў спецыяльна адведзеных месцах — на рынках, кірмашах і выставах.
Для тых, хто вырошчвае кветкі і збіраецца іх прадаваць, даступныя два рэжымы — адзіны падатак або падатак на прафесійны даход. Калі абраны адзіны падатак, да пачатку гандлю трэба падаць паведамленне ў падатковы орган (асабіста або праз асабісты кабінет) і заплаціць фіксаваную суму за месяц.
Стаўка залежыць ад рэгіёна. Напрыклад, для Мінска — 188 рублёў, а для Барысава, Жодзіна, Маладзечна, Слуцка, Салігорска — 160 рублёў.
Ільготу адмянілі
Галоўнае змяненне гэтага года — адмена паніжальнага каэфіцыента. Раней, калі гандаль вёўся менш за 15 дзён у месяц, можна было заплаціць палову стаўкі (каэфіцыент 0,5). З 1 студзеня 2026 года гэтая ільгота больш не дзейнічае. Цяпер нават калі чалавек прадае кветкі ўсяго некалькі дзён перад 8 сакавіка, давядзецца заплаціць поўную штомесячную стаўку адзінага падатку.
Але сацыяльныя ільготы па-ранейшаму захоўваюцца. Стаўка зніжаецца на 20% для пенсіянераў, людзей з інваліднасцю, бацькоў у шматдзетных сем'ях, бацькоў дзяцей з інваліднасцю.
Калі прадаваць кветкі без афармлення, магчымыя наступствы:
абавязковая выплата адзінага падатку (пры паўторным парушэнні — у пяцікратным памеры);
штраф да 100 базавых велічынь.
З 1 студзеня гэтага года базавая велічыня складае 45 рублёў, гэта значыць штраф можа дасягаць 4500 рублёў. Магчыма таксама канфіскацыя тавару і атрыманага даходу. Пры гэтым адміністрацыйнае пакаранне не вызваляе ад выплаты падатку.