Па кватэрах беларусаў будуць хадзіць людзі і задаваць дзіўныя пытанні
89- 28.02.2026, 16:09
- 32,762
Мінінфарм сцвярджае, што гэта патрэбна «дзеля развіцця тэлебачання».
У Міністэрстве інфармацыі паведамілі, што з 1 сакавіка па 30 красавіка па кватэрах беларусаў будуць хадзіць людзі і задаваць пытанні. У ведамстве сцвярджаюць, што гэта будзе рабіцца дзеля развіцця тэлебачання, піша «Тэлеграф».
Кампанія «МедиаИзмеритель» адправіць апытальныя групы, каб вызначыць, «як менавіта жыхары краіны глядзяць тэлебачанне».
Мінінфарм папярэдзіў, што інтэрв'юеры будуць асабіста задаваць пытанні жыхарам кватэр, у якія прыйдуць. Пры гэтым у міністэрстве запэўнілі, што адказы будуць «строга канфідэнцыйнымі».
Каб, відаць, беларусы маглі адрозніць апытальныя групы ад, напрыклад, махляроў, іх апрануць у фірмовыя жылеты, выдадуць пасведчанні і абавяжуць насіць пры сабе пашпарты.
Судзячы па закліку Мінінфарма, удзел у апытанні будзе добраахвотным, бо ведамства заклікала не адмаўляцца ад удзелу.
Як будуць выглядаць жылеты апытальнікаў і чаму нельга было пайсці шляхам МАРТ (Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю) і запусціць анлайн-анкетаванне, у ведамстве не ўдакладнілі.