У Швейцарыі закрыюць банк пасля заяў ЗША аб сувязях з Расіяй
9- 28.02.2026, 6:54
- 6,674
Ідзе гаворка пра банк MBaer.
Упраўленне па наглядзе за фінансавым рынкам Швейцарыі (FINMA) адклікала ў банка MBaer ліцэнзію і прыняло рашэнне аб яго ліквідацыі. Пра гэта паведамляецца на сайце рэгулятара.
Праверка паказала, што ў банка былі сур'ёзныя праблемы з кантролем за аперацыямі кліентаў. Паводле звестак рэгулятара, фінансавая ўстанова дрэнна выконвала правілы супрацьдзеяння адмыванню грошай і кіравання рызыкамі. Асабліва гэта датычылася кліентаў, якія знаходзяцца пад санкцыямі Швейцарыі або міжнародных структур. У выніку ім удавалася абыходзіць замарожванне актываў.
Расследаванне ў дачыненні да MBaer пачалося яшчэ ў 2024 годзе. Выявілася, што абсалютная большасць кліентаў банка (80%) належалі да групы падвышанай рызыкі. Банк нярэдка ігнараваў рэкамендацыі ўласнай службы камплаенсу, належным чынам не правяраў паходжанне сродкаў і часам не паведамляў пра падазроныя аперацыі або рабіў гэта занадта позна. У асобных выпадках ён праводзіў аперацыі для людзей з санкцыйных спісаў або тых, чые рахункі былі замарожаныя.
Рэгулятар палічыў парушэнні сістэмнымі і занадта сур'ёзнымі, каб іх можна было хутка выправіць. Паралельна з гэтым пачатыя асобныя разбіральніцтвы супраць чатырох асоб, якія маглі быць адказнымі за гэтыя парушэнні.